580 долараў за кеды лідара «Дай Дарогу!». У Варшаве – фестываль «Грай» на падтрыманне палітвязняў


Сёння, 1 верасня, у Варшаве адбываецца фестываль беларускай музыкі «Грай». На сцэне – Volski, «Дай Дарогу!», «Dzieciuki», «J:Морс», «:B:N:», «The Superbullz» і «Papa Bo Selektah». Грошы, сабраныя за продаж квіткоў, а таксама на кірмашы беларускіх вытворцаў і з аўкцыёну пойдуць на падтрыманне сем’яў палітычных вязняў у Беларусі.

Гурт «Dzieciuki». Фестываль беларускай музыкі «Грай» на падтрыманне сем’яў беларускіх палітычных вязняў. Варшава, Польшча. 1 верасня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Павітаем усіх, хто застаўся там, у Беларусі, і не можа быць цяпер з намі!» – сказаў са сцэны вядоўца Аляксандр Памідораў.

Юрый Стыльскі, лідар гурта «Дай Дарогу!», пасля выступу зняў з сябе кеды і выставіў іх на аўкцыён. Наведнік фестывалю набыў іх за 2400 злотых (580 долараў).

Юрый Стыльскі. Фестываль беларускай музыкі «Грай» на падтрыманне сем’яў беларускіх палітычных вязняў. Варшава, Польшча. 1 верасня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Вядоўца фестывалю Марына Савіцкая прадала шорты Алеся-Францішка Мышкевіча за 600 злотых (145 долараў). А тышортку з надпісам «Мова» – за 500 злотых (120 долараў).

Фестываль беларускай музыкі «Грай» на падтрыманне сем’яў беларускіх палітычных вязняў. Варшава, Польшча. 1 верасня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Хлопец з Менску набыў саколку гурта «Dzieciuki» за 750 злотых (180 долараў).

«Увогуле я люблю «Дай Дарогу!», але саколкі «Dzieciuki» ў мяне яшчэ не было. І, вядома, я хачу падтрымаць нашых палітычных вязняў», – пракаментаваў маладзён свае набыткі.

Мужчына, які набыў кеды Стыльскага і шорты Мышкевіча, пажадаў застацца ананімным, бо баіцца за бяспеку сваёй сям’і ў Беларусі.

Фестываль беларускай музыкі «Грай» на падтрыманне сем’яў беларускіх палітычных вязняў. Варшава, Польшча. 1 верасня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Ваяры палка Каліноўскага на кірмашы прадавалі саколкі са сваім дызайнам. Грошы пойдуць на лекаванне параненых беларускіх байцоў.

Наперадзе – лоты гурта «J:Морс» і Лявона Вольскага, якія выступяць у канцы фестывалю.

Аліса Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў