Беларусь і Расея плануюць інтэграваць вынікі ЦТ і адзінага дзяржаўнага экзамену


Амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў 1 верасня наведаў лінейку ў школе №50 Менску, дзе распавёў, што Беларусь і Расея плануюць інтэграваць вынікі цэнтралізаванага тэставання і адзінага дзяржаўнага экзамену, каб спрасціць беларусам паступленне ў расейскія ВНУ.

Барыс Грызлоў на лінейцы ў школе №50 у Менску.
Фота: Амбасада Расейскай Федэрацыі ў Беларусі

Таксама Грызлоў паабяцаў, што ў наступным годзе ў расейскіх вышэйшых навучальных установах будзе павялічана колькасць бюджэтных месцаў для грамадзянаў Беларусі. Сёлета такіх месцаў было выдзелена 1100, налета плануецца 1300.

«Наборам, як і цяпер, будзе займацца прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі», – зазначыў Грызлоў.

Агулам платна і бясплатна сёлета ў расейскіх ВНУ будуць вучыцца больш за 10 тысяч студэнтаў з Беларусі.

«Думаю, што гэтая лічба будзе расці, таму што, па-першае, мы павялічваем колькасць бюджэтных месцаў. Па-другое, у нашых краінах прыраўноўваюцца сістэмы ацэнкі адукацыі выпускнікоў, – заявіў расейскі амбасадар. – У Беларусі гэта цэнтралізаванае тэставанне, у Расеі – адзіны дзяржаўны экзамен. Ужо прынятае рашэнне, каб інтэграваць вынікі гэтых дзвюх атэстацыяў. Так што паступаць у расейскія ВНУ будзе прасцей».

Грызлоў таксама распавёў вучням школы №50, што тых, хто пакажа «высокія дасягненні ў вучобе і грамадскай працы», амбасада Расеі запросіць на Навагоднюю ялінку ў Крамлі і фестываль «Пунсовыя ветразі» у Санкт-Пецярбургу.

Акрамя школы №50, Барыс Грызлоў наведаў філіял Расейскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэту ў Менску. Там ён распавёў, што ВНУ і Беларусі, і Расеі, хутчэй за ўсё, адмовяцца ад бакалаўрыяту і магістратуры і вернуцца да пяцігадовага тэрміну навучання.

«Балонскі працэс – гэта бакалаўрыят і магістратура. Плюс прызнанне нашых дыпломаў у Еўропе. Аднак у нас і без таго заўсёды была выдатная сістэма адукацыі – пяцігадовае навучанне, па выніках якога выпускаўся кваліфікаваны спецыяліст. Была прадумана ўся праграма, на якіх курсах якія прадметы вывучаць. Працавала нашая сістэма добра», – сказаў амбасадар Расеі.

Таксама Грызлоў распавёў, што пры неабходнасці ў Беларусі могуць з’явіцца новыя філіялы расейскіх ВНУ. Сёння ў Менску ёсць два філіялы навучальных установаў Расеі – дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэту і РЭУ ім.Пляханава. Акрамя таго, у Магілёве працуе Беларуска-расейскі ўніверсітэт, дзе студэнты могуць атрымаць як беларускі, так і расейскі дыпломы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў