Расейскі МЗС: Кантроль над ядравай зброяй Беларусі не перадаецца


Кантроль за расейскай ядравай зброі Беларусі перадавацца не будзе. Аб гэтым у інтэрвʼю ТАСС заявіў намеснік кіраўніка МЗС РФ Сяргей Рабкоў.

Сяргей Рабкоў. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: securityconference.org

1 ліпеня намеснік міністра замежных спраў Расеі Сяргей Рабкоў заявіў, што беларускаму боку не будзе перадавацца кантроль над расейскай ядравай зброяй.

«Крокі, зробленыя намі ў рамках адзінай абароннай прасторы Саюзнай дзяржавы, маюць вымушаны характар. Пры гэтым яны не выходзяць за рамкі нашых міжнародных абавязацельстваў, у тым ліку па ДНЯЗ. Неабходна ў чарговы раз падкрэсліць: кантроль над расейскай ядравай зброяй не перадаецца», – цытуе Рабкова ТАСС.

Нагадаем, раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што будзе кантраляваць тактычную ядравую зброю, якую Расея паставіць у Беларусь. І гэтак жа неаднаразова гэтыя слова абвяргалі расейскія афіцыйныя асобы.

Сяргей Рабкоў, які курыруе пытанні нераспаўсюджання і кантролю над узбраеннямі, выступіў з інтэрвʼю 1 ліпеня, калі спаўняецца 55 гадоў з дня падпісання Дагавора аб нераспаўсюджанні ядравай зброі (ДНЯЗ). Зараз 191 краіна ўдзельнічае ў гэтым дакуменце, які ўзаконіў ядравыя арсеналы Вялікай Брытаніі, Расеі, Кітая, Францыі і ЗША, замацаваўшы за гэтымі краінамі статус ядравых дзяржаў і іх абавязацельства не перадаваць ядравыя тэхналогіі дзяржавам, якія не валодаюць такой зброяй.

Паводле адзнакі Рабкова, сітуацыя ва Украіне «асабліва не ўплывае» на выкананне ДНЯЗ, больш таго, дакумент на дадзены момант «адпавядае інтарэсам усіх яго дзяржаў-удзельніц – як ядравых, так і няядравых». Расейскі дыпламат падкрэсліў, што ДНЯЗ зʼяўляецца адной з асноў архітэктуры міжнароднай бяспекі.

Hавiны
Беларускія патрыёты рассакрэцілі парадак транспартавання ядравай зброі з Расеі ў Беларусь
2023.06.28 11:59

Рабкоў успомніў ДНЯЗ і выказаўся наконт кантролю над тактычнай ядравай зброі ў Беларусі пасля таго, як 30 чэрвеня Польшча пацвердзіла, што папросіць Злучаныя Штаты размясціць у сябе амерыканскую ядравую зброю. Заява прагучала напрыканцы двухдзённага саміту кіраўнікоў краінаў Еўразвязу ў Бруселі. Польскі ўрад пацвердзіў зацікаўленасць у тым, каб размясціць у сябе ядравыя сілы саюзнікаў па блоку NATO, як гэта ўжо робяць Бельгія, Нямеччына, Італія, Нідэрланды і Турцыя.

«У сувязі з тым, што Расея плануе размясціць тактычную ядравую зброю ў Беларусі, мы тым больш звяртаемся да ўсяго блоку NATO з просьбаю аб удзеле ў праграме «Nuclear Sharing». Канчатковае рашэнне будзе залежаць ад нашых амерыканскіх партнёраў. Але мы не хочам сядзець склаўшы рукі, калі Пуцін падвышае ўзровень пагрозаў», – заявіў прэм‘ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

Аб’ектыў
Ядравая гонка: Польшча гатовая адказаць Лукашэнку
2023.06.30 22:06

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў