У Беларусі ўпершыню зладзілі тэатральны фестываль «Перамога». Большасць спектакляў у праграме, што ўхваліла адмысловая камісія, пастаўленыя паводле твораў не шанаванага ўладаю Васіля Быкава. Анжаліка Крашэўская з Беларускай рады культуры ўпэўненая: гэта не лібералізацыя, а безвыходнасць.
Фестываль прысвяцілі Дню Перамогі, і ўсе спектаклі – пра вайну. Што паказваць беларусам, пастанаўляла адмысловая рэспубліканская экспертная камісія тэатральнага мастацтва. Яе склад невядомы.
У праграме – пастаноўкі паводле твораў Аляксея Дударава, Андрэя Макаёнка, расейскага пісьменніка Барыса Васільева. Аднак больш за ўсё – Васіля Быкава. Спектаклі паводле ягоных аповесцяў прэзентуюць Берасцейскі тэатр лялек, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Гомельскі абласны драматычны тэатр, Тэатр юнага гледача.
Быкаў – класічны «свядомы» ў разуменні цяперашніх уладаў: браў удзел у стварэнні БНФ, крытыкаваў Лукашэнку за хаўрус з Расеяй, жыў у эміграцыі.
Прысутнасць пісьменніка на афішах у Беларусі ў самыя палітычныя рэпрэсіі не здзівіла экспертку Беларускай рады культуры, дырэктарку форуму «Teart» Анжаліку Крашэўскую. Яна сказала «Белсату», што не шанаваны ўладаю пісьменнік цяпер не нашкодзіць:
«Да Быкава стаўленне змянялася, і цяпер для ўлады няма асаблівай шкоды, калі пастаўленыя паводле ягоных твораў спектаклі будуць ісці – гэтак жа, як і фільмы. Тэматыка вайны, напэўна, таксама важная. Калі не Быкава, то каго ставіць?»
Агулам, гаворачы пра тэатральнае жыццё ў сённяшняй Беларусі, Крашэўская канстатавала, што нечага адметнага цяпер не стае:
«Калі спрабаваць аналізаваць, то, напэўна, можна параўноўваць з перыядам СССР, калі ёсць толькі дзяржаўныя тэатры, а калі нешта і з’явіцца, то, хутчэй за ўсё, гэта зноў будзе насуперак».
Сяргей Крот belsat.eu