Эрдаган дазволіў узяць Фінляндыю ў NATO


Прэзідэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган 1 красавіка зацвердзіў рашэнне турэцкага парламенту аб ратыфікацыі прыняцця Фінляндыі ў Паўночнаатлантычны альянс, паведамляе фінская дзяржаўная тэлекампанія «Yle». Рашэння па Швецыі яшчэ няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: trend.az

Днём раней парламент Турэччыны зацвердзіў фінскую заяўку на далучэнне да NATO – адсутнасць дазволу Турэччыны была апошняй перашкодай. Фармальна Турэччына яшчэ мае даставіць дакумент у Вашынгтон, а прадстаўнікі Фінляндыі і NATO – падпісаць апошнія паперы, але чакаецца, што Фінляндыя стане чальцом NATO ўжо на наступным тыдні.

Турэччына была апошняю краінаю, якая ратыфікавала ўступленне Фінляндыі ў альянс. Раней Турэччына выступала супраць і патрабавала ад Фінляндыі «больш актыўнай супрацы ў барацьбе з тэрарызмам» – у прыватнасці, з прадстаўнікамі Курдскай працоўнай партыі (прызнанай тэрарыстычнай арганізацыяй Турэччынай, Еўразвязам, Злучанымі Штатамі і іншымі краінамі). У гэтым пытанні, як сцвярджае Турэччына, знайшлі згоду.

Супраць далучэння Фінляндыі да NATO выступала таксама Вугоршчына, але 27 сакавіка вугорскі парламент даў дазвол.

Фінляндыя і Швецыя доўгі час былі нейтральнымі краінамі, ды ў траўні 2022 года падалі заяўкі на далучэнне да альянсу – пастанавілі змяніць свой нейтральны статус пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіну і росту пагрозы з боку Расеі.

Гэта не спадабалася Расеі: расейска-фінская мяжа мае працягласць звыш 1200 км, а Балтыйскае мора ў выпадку далучэння Фінляндыі і Швецыі да NATO робіцца «натаўскім морам». Міністэрства замежных справаў Расеі адкрыта пагражала «крокамі ў адказ ваенна-тэхнічнага і іншага характару».

Заяўку Швецыі пакуль не ўхвалілі дзве з трыццаці краінаў NATO: Турэччына і Вугоршчына. Першая крытыкуе Швецыю за «падтрымку курдскіх тэрарыстаў» і адмову ад экстрадыцыі ў Турэччыну чальцоў Курдскай працоўнай партыі. Другая мае крыўды за крытыку Стакгольмам унутранай палітыкі Вугоршчыны.

Hавiны
Фінляндыя пачала ставіць плот на мяжы з Расеяй
2023.02.28 19:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў