Беларускія вайскоўцы выпрабавалі сістэму залпавага агню «Шквал» у супрацы з дронамі


Пад Асіповічамі правялі чарговае выпрабаванне новай беларускай сістэмы «Шквал», якую распрацоўваюць з 2019 года як аналаг расейскага «Граду». Аб выпрабаваннях паведаміў 1 красавіка Дзяржваенпрам.

Рэактыўная сістэма залпавага агню «Шквал» на выставе ў Беларусі. 2021 год.
Фота: vpk.gov.by

На палігоне «Асіповіцкі», як расказвае Дзяржваенпрам, правялі асаблівыя выпрабаванні: сістэму залпавага агню «Шквал» выкарыстоўвалі разам з беспілотнікам, які праводзіў выведку і перадаваў каардынаты цэляў.

На відэа пад музыку з анімэ-серыялу «Нарута» паказалі, як узлятае авіямадэль у форме самалёта з размахам крылаў каля 1,5 м, як з вышыні птушынага палёту бачная цэль і як страляе сістэма залпавага агню. Падрабязнасцяў выпрабаванняў не паведамілі: напісалі толькі, што сістэма «пацвердзіла ўсе заяўленыя характарыстыкі».

«Шквал» распрацоўваюць на ААТ «Волатаўта» з 2019 года, першыя выпрабаванні правялі восенню 2020 года на тым жа «Асіповіцкім». Беларускай вытворчасці ў сістэме як мінімум накіроўныя трубы, але колькі агулам у сістэме беларускага, невядома. Прынамсі, першыя выпрабаванні ладзілі на сістэме, сабранай на шасі савецкага грузавіка «Урал-4320».

Сістэма разлічаная на розныя боепрыпасы – як ад расейскага «Граду», так і на 122 мм снарады вытворчасці беларускага «Заводу дакладнай электрамеханікі», якія маюць далёкасць да 40 км. Сцвярджаецца, што сістэма мае запас ходу ў 1000 км, нясе 40 снарадаў і мае час зарадкі меншы за 14 хвілін.

Аналітыка
«Паланэзы» для Баку, «Кайман» для Афрыкі. Што вырабляе і з кім гандлюе абаронка Беларусі
2021.03.23 17:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў