Усе 27 краінаў Еўразвязу дамовіліся пра вылучэнне 50 млрд еўраў на дапамогу Украіне


Старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль паведаміў, што ўсе краіны Еўразвязу ўхвалілі вылучэнне Украіне фінансавай дапамогі ў памеры 50 млрд еўраў.

Старшыня Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен (злева), старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, прэм’ер-міністарка Італіі Джорджа Мэлёні (трэцяя справа), прэмʼер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан і канцлер Нямеччыны Оляф Шольц прымаюць удзел у шматбаковай сустрэчы ў кулуарах Пасяджэння Еўрапейскай рады ў Еўрапейскай штаб-кватэры ў Бруселі, Бельгія. 1 лютага 2024 года.
Фота: Ludovic Marin / AFP / East News

«Гэта гарантуе сталае, доўгатэрміновае і прадказальнае фінансаванне для Украіны, – напісаў Шарль Мішэль у Х. – Еўразвяз бярэ на сябе лідарства і адказнасць за падтрыманне Украіны, мы ведаем, што пастаўлена на кон».

«Гэта добры дзень для Еўропы», – напісала ў Х старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Рашэнне ЕЗ аб вылучэнні фінансавай дапамогі Украіне пракаментаваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Працяг фінансавага падтрымання ЕЗ для Украіны ўзмоцніць нашую доўгатэрміновую эканамічную і фінансавую стабільнасць, што не менш важна, чым вайсковая дапамога і санкцыйны ціск на Расею. […] Вельмі важна, што пастанова была прынятая ўсімі 27 лідарамі», – напісаў Зяленскі ў Х.

Агляд
ЗША пачалі рыхтаваць новую стратэгію аб Украіне. Крэмль не збіраецца ісці на перамовы
2024.01.27 13:31

Супраць пакету дапамогі Украіне выступаў прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан. Перад самітам ЕЗ ён настойваў, што еўрапейская дапамога, разлічаная на некалькі гадоў, мусіць ухваляцца штогод і гэта мусіць быць адзінагалосная пастанова. Ён ставіў пад сумнеў ідэю Еўразвязу ўзяць на сябе абавязанні фінансаваць Украіну цягам наступных чатырох гадоў, калі, з ягоных словаў, «мы нават не ведаем, што адбудзецца праз чвэрць года».

Такое меркаванне звязваюць з адмовай ЕЗ вылучыць Вугоршчыне 20 млрд еўраў праз перасцярогі адносна правоў чалавека і карупцыі ў краіне.

Паводле Reuters, у Кіеве разлічваюць атрымаць першы транш на 4,5 млрд еўраў ад ЕЗ у сакавіку.

Агляд
Манеўр (без) Орбана. Украіну запрасілі ў Еўразвяз, але грошай пакуль не далі
2023.12.15 17:35

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў