Грып у Беларусі: чым прышчапіцца і ці ёсць яшчэ ў гэтым сэнс?


У Беларусі з канца студзеня адзначаюць рост захворвальнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ды грып. Апошнія звесткі ад Міністэрства аховы здароўя датуюцца 24 студзеня і фіксуюць рост колькасці хворых на 33 % цягам аднаго тыдня. Мы паспрабавалі высветліць, ці можна яшчэ засцерагчыся ад грыпу з дапамогаю прышчэпкі, ці мае гэта яшчэ сэнс і дзе гэта можна зрабіць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

Грыпы ходзяць па Еўропе…

Характэрна, што ў паведамленні Міністэрства аховы здароўя падкрэсліваецца: сярод захварэлых большую палову складаюць дзеці векам да 18 гадоў – 59,6 %.

У ведамстве адзначылі, што вынікі лабараторных даследаванняў паказваюць цыркуляцыю вірусаў грыпу А(H1N1), A(H3N2), А(нетып.), В і негрыпозных рэспіраторных вірусаў, што абумоўлівае рызыку распаўсюду ўзбуджальнікаў і ўзнікненне выпадкаў захворвання, уключаючы лакальныя выбухі.

Даведка

Згодна з Сусветнай арганізацыяй здароўя, рост захворвальнасці назіраецца не толькі ў еўрапейскім рэгіёне, але і ў свеце ў цэлым. У Еўропе ў асноўным пераважаюць усё тыя ж вірусы грыпу тыпу А. Тут адбываецца супольная цыркуляцыя абодвух падтыпаў грыпу А –  A(H1N1)pdm09 (63 %) і A(H3N2) (33 %).

Апошні штам (H3N2) мае і назву «гон-конгаўскі грып», пры якім назіраюцца тэмпература, вышэйшая за 39 градусаў, дрыжыкі, рэзкае пагаршэнне самаадчування, млоснасць, ванітаванне, пачырваненне і боль уваччу. Асаблівую небяспеку падчас захворвання на гон-конгаўскі грып, паводле медыкаў, уяўляюць такія сімптомы, як дыхавіца, крывацёк, сутаргі, а таксама страта прытомнасці – у гэтым выпадку тэрмінова трэба выклікаць хуткую.

Што датычыць вірусаў тыпу В, то большасць выпадкаў захворванняў адносіцца да лініі B/Victoria. Але, як кажуць адмыслоўцы , гэтыя вірусы менш актыўныя ў нашай краіне.

Прышчапляцца ці не?

Трэба сказаць, што прагноз пра рост захворвальнасці на грып у канцы студзеня – пачатку лютага Міністэрства аховы здароўя рабіла загадзя і папярэджвала, што ў зону рызыкі трапляюць пераважна дзеці да 14 гадоў, а таксама цяжарныя і асобы, старэйшыя за 65 гадоў. Для асобаў сталага веку захворванне на грып можа быць звязанае з магчымымі ўскладненнямі і цяжкім працэсам самога лячэння.

У звязку з гэтым адмыслоўцы настойліва рэкамендуюць гэтым групам рабіць прышчэпкі ад грыпу.

Мы пацікавіліся ў медыкаў: з улікам таго, што захворвальнасць цяпер у працэсе росту, то ці не запозна прышчапляцца?

«Найлепшы час для вакцынацыі ад грыпу – гэта верасень – лістапад, – адказаў нам на ўмовах ананімнасці адзін з менскіх дактароў. – Але і цяпер можна яшчэ вакцынавацца ад грыпу, бо цяпер пануе грып А, а ў вакцыну, акрамя таго, уваходзіць кампанент грыпу В, які, як чакаюць, актывізуецца пазней. Летась гэта было ў сакавіку. Але пры гэтым трэба ўлічваць, што імунітэт пасля прышчэпкі фармуецца прыблізна праз два тыдні. То бок, калі пайшоў інтэнсіўны рост захворванняў, ужо можа не хапіць гэтага часу».

Каб засцерагчыся ад хваробы, наш суразмоўца параіў «пазбягаць месцаў вялікага збору людзей, асабліва дзецям і асобам з хранічнымі хваробамі», а пры наяўнасці прыкметаў захворвання параіў «застацца ўдома і не пераносіць хваробы на нагах». А ў наступным годзе ён даў параду паклапаціцца, каб своечасова прышчапіцца, бо імунітэт трымаецца 9–12 месяцаў.

Падсумоўваючы, наш суразмоўца адзначыў: «Дарослым яшчэ вакцынавацца можна паспець, дзецям – не, бо для іх трэба часта дзве дозы з інтэрвалам месяц», а гэта значыць, у пачатку лютага ў гэтым ужо няма сэнсу.

Дзе і чым прышчапіцца

Тым не менш: што рабіць тым, хто ўсё ж надумае прышчапляцца? Ці ёсць яшчэ такая магчымасць? З гэтым пытаннем мы патэлефанавалі ў некалькі сталічных клінік і звязаліся з некаторымі прыватнымі медычнымі цэнтрамі.

Але перад гэтым мы высветлілі, якія вакцыны ўвогуле даступныя сёлета ў Беларусі.

Вакцына расейскай вытворчасці, якой найчасцей прапануюць прышчапляцца беларусам.
Фота: svisgaz.by

Яшчэ ў кастрычніку 2023-га Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя адзначаў, што ў сезоне 2023/2024 гадоў прышчапляць у Беларусі будуць пяццю вакцынамі (некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што іх усяго тры):

  • «Грыпол Плюс» (для дзяцей ад 6 месяцаў да 3 гадоў) вытворчасці РФ, трохвалентная вакцына;
  • вакцына для прафілактыкі грыпу (інактываваная, для дзяцей ад 3 гадоў і дарослых) вытворчасці РФ, трохвалентная вакцына;
  • «Ультрыкс Квадры» (для дарослых) вытворчасці РФ, трохвалентная вакцына;
  • «Ваксігрып Тэтра» вытворчасці Францыі (чатырохвалентная вакцына);
  • «Інфлювак Тэтра» вытворчасці Нідэрландаў (чатырохвалентная вакцына).

Каб было ясна: трохвалентныя вакцыны абараняюць ад трох вірусаў грыпу (вірусу грыпу A (H1N1), вірусу грыпу A (H3N2) і вірусу грыпу B), а чатырохвалентныя – ад усіх тых, што і трохвалентныя, але дадаткова ўтрымліваюць антыгены яшчэ аднаго імавернага штаму віруса грыпу В.

У гарадскіх паліклініках Менска (1-й цэнтральнай паліклініцы на вул. Сухой і 7-й паліклініцы на вул. Станіслаўскага) нам у асноўным прапаноўвалі прышчапіцца бясплатнаю расейскаю вакцынаю «Грыпол Плюс». У 8-й паліклініцы на вул. Нікіфарава адразу адзначылі, што прышчапляюць толькі бясплатнай расейскаю – «іншых няма і пакуль не чакаецца бліжэйшым часам, платных вакцынаў няма і наўрад ці ўжо будуць».

Прыблізна такая ж сітуацыя і ў абласных цэнтрах: расейскаю вакцынаю нам прапанавалі прышчапіцца ў Магілёўскай цэнтральнай паліклініцы на вул. Піянерскай і ў 1-й паліклініцы Горадні на вул. Лермантава.

Тым не менш шанцы адшукаць у паліклініках іншыя вакцыны таксама ёсць. Гэтак, у даведцы 10-й паліклінікі Менску на вул. Сухараўскай нам адказалі, што ў наяўнасці разам з расейскаю вакцынай ёсць і нідэрландская «Інфлювак», і французская «Ваксігрып». Каштаваць прышчэпка замежнымі вакцынамі ў платных паслугах будзе каля 40 рублёў, кошт расейскай – каля 10 (хаця, калі вы прапісаныя да гэтай паліклінікі, то прышчэпка вакцынаю расейскай вытворчасці будзе бясплатная).

У менскіх медцэнтрах «Кравіра» і «Аква-Менск Клініка» нам адказалі, што прышчэпак ад грыпу яны не робяць увогуле. У медычным цэнтры «Ладэ» паведамілі, што «вакцынацыя ад грыпу ўжо скончылася, на гэты момант вакцынаў няма і да наступнага сезону дакладна не будзе», новыя паступленні плануюцца толькі ўвосень.

Падсумоўваючы, можна адзначыць, што ў цэлым прышчапіцца ў Беларусі можна без асаблівых цяжкасцяў, але калі вы хочаце знайсці не трохвалентную расейскую вакцыну «Грыпол Плюс», а чатырохвалентныя «Інфлювак» ці «Ваксігрып», то давядзецца крыху пашукаць. Дарэчы, жыхары Менску гэта могуць зрабіць, патэлефанаваўшы на спецыяльны адзіны кароткі нумар 131, праз які можна атрымаць інфармацыю пра платныя паслугі ў медычных установах сталіцы.

Між іншага, беларускія навукоўцы плануюць сёлета завершаць распрацоўванне ўласнай вакцыны ад грыпу. Мяркуецца, што яна будзе чатырохвалентная і будзе ўтрымліваць два штамы грыпу А і два штамы грыпу В. У адрозненне ад большасці прэпаратаў, якія ўжываюцца сёння, беларускія навукоўцы вырошчваюць вірус не на курыных эмбрыёнах, а на культурах клетак – гэта дазволіць адкінуць адно з асноўных супрацьпаказанняў для вакцынацыі: алергію да бялку яек альбуміну, адзначылі ў НАН Беларусі.

Так што цалкам магчыма, што на наступны сезон грыпу ў беларусаў выбар магчымых прышчэпак пашырыцца… Або, наадварот, звузіцца да адной.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў