Землятрус магнітудай 7,6 адбыўся 1 студзеня ў цэнтральным рэгіёне Японіі за 43 кіламетры ад гораду Анамідзу ў прэфектуры Ісікава. Пасля былі зафіксаваныя яшчэ больш за 30 землятрусаў у цэнтральнай частцы краіны магнітудай ад 3,6 да 7,6.
У Ісікаве было абвешчанае папярэджанне аб пагрозе моцнага цунамі. Жыхароў прыбярэжных раёнаў папрасілі неадкладна эвакуявацца на ўзвышшы.
Нацыянальная тэлекампанія NHK паведамляла, што хвалі вышынёю да 5 метраў дасягнулі паўвострава Нота ў прэфектуры Ісікава. Пра высокія хвалі папярэдзілі таксама ў прэфектурах Ніігата і Тояма.
Пазней Японія выпусціла папярэджанне пра новыя землятрусы па ўсёй краіне.
Найбуйнейшы японскі аператар атамных электрастанцыяў, кампанія «Kansai Electric», паведаміў, што на атамных аб’ектах у пацярпелым раёне «адхіленняў ад нормы няма».
У сувязі з землятрусам у прыбярэжнай частцы заходняга ўзбярэжжа Сахаліна абвешчаная эвакуацыя жыхароў. Людзей заклікаюць перамясціцца ў бяспечныя мясціны.
«Усім, хто цяпер у прыбярэжнай частцы Татарскай пратокі, трэба неадкладна пакінуць узбярэжжа і схавацца на ўзвышшах 30-40 метраў над узроўнем мора. […] Сыходзіць з узвышшаў трэба толькі пасля сігналу «Адбой трывогі», – гаворыцца ў паведамленні МНС.
Пагроза цунамі была таксама абвешчаная ва Уладзівастоку.
Марыя Міхалевіч belsat.eu