Новы год – значная падзея для большасці народаў і культураў. І, бадай, у кожнай з іх ёсць уласныя звычкі і традыцыі. Што робяць у розных кутках свету, каб усё дрэннае пакінуць у мінулым, узняць сабе настрой і быць шчаслівым увесь наступны год, зараз апавядзём.
Італія. Жыхары гэтай краіны мяркуюць, што ў новы год трэба ісці без старых і непатрэбных рэчаў. Таму перад святам выкідаюць смецце праз вокны, нават мэблю.
Цікава, як доўга пасля такога Новага года даводзіцца прыбіраць вуліцы?
Іспанцы да святочнага стала рыхтуюць 12 вінаградзінаў, якія яны мусяць з’есці пад бой курантаў (навагодні званочак). Калі гэта ўдасца зрабіць – год будзе ўдалы.
У Нямеччыне да свята рыхтуюць падарунак: нейкую дробязь, запакаваную напярэдадні. У ноч на Новы год за сталом адбываецца гульня: выкідаецца кубік і, згодна з умовамі, адбываецца перасоўванне і абмен гэтымі падарункамі. У выніку пакрыўджаных няма і настрой узняты!
Японцы свой дом упрыгожваюць граблямі з бамбуку, каб заграбаць сваё шчасце. Калі грабляў няма, то і шчасця няма чым злавіць. Таксама адразу пасля поўначы трэба гучна смяяцца, каб у дом завітала радасць і год быў вясёлым.
У Тайландзе Новы год адзначаюць ажно тройчы: еўрапейскі, кітайскі, а таксама ўласны – Сонгкран. Апошні зацягваецца на некалькі дзён: тайцы выходзяць на вуліцы павіншаваць адно аднаго і абліць вадою. Лічыцца, што чым хутчэй ты прамокнеш, тым шчаслівейшы будзеш увесь наступны год.
Весела, але, на жаль, не без ахвяраў. І калі раптам вы трапілі ў Тайланд у гэтыя дні, то старайцеся быць далей ад праезнай часткі.
А вось Вугоршчыну ў гэтую ноч хіба можна пачуць нават у суседніх краінах, бо там прынята сустракаць год са свістам. Вугорцы мяркуюць, што гэтак можна напалохаць і адагнаць ад сябе ўсё злое.
Эквадор. Тут усё яшчэ прасцей: хочаце ў падарожжа – бярыце валізу і пад куранты бяжыце вакол дому. Паспелі? То можаце пакаваць гэтую ж валізу – год абяцае быць цікавым і непаўторным!
У спякотнай Бразіліі жыхары ідуць да акіяну і запускаюць плыты са свечкамі ды падарункамі для багіні мора, а таксама загадваюць жаданні і кідаюць у хвалі белыя пялёсткі кветак. Калі акіян іх прымае, то жаданне абавязкова споўніцца. Замест звыклых курантаў гучаць выбухі, а людзі абдымаюцца, каб год быў напоўнены любоўю.
Вʼетнамцы год сустракаюць у кампаніі асобаў сталага веку. Лічыцца, што ў гэтую ноч іхная мудрасць распаўсюджваецца на ўсіх прысутных. Таму чым старэйшы госць за сталом, тым болей увагі і пашаны ён атрымлівае ад астатніх.
Мо і нам варта пераняць гэтую традыцыю, каб нашыя бабулі і дзядулі меней адчувалі сябе самотнымі?
А на Кубе набіраюць у пасудзіны ваду, раўназначную колькасці грахоў за ўвесь год, якую выліваюць за дзверы пасля поўначы. І ўсё – вы ўжо ачысціліся ад усіх заганаў.
Цудоўная ідэя! Вось толькі цяпер трэба падумаць, куды аліўе наразаць, калі тазік будзе заняты вадою…
Ці працуюць такія запрашэнні шчасця ў свой дом, не спраўджвалі. Але збіраемся. Бо нават калі вы не кубінец ці іспанец, ніхто не перашкаджае паспрабаваць нешта новае. А раптам спрацуе? У кожным разе ўзняць настрой удасца не толькі на гэтую ноч, але і на ўвесь наступны год. Добрых і вясёлых вам святаў!
Марыя Голдстэйн