Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 1 студзеня


«Белсат» падводзіць вынікі 312-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 1 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

Салдаты едуць з адной артылерыйскай пазіцыі на другую. Данецкая вобласць, Украіна. 15 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

У навагоднюю ноч Узброеныя сілы РФ нанеслі чарговы паветраны ўдар па тэрыторыі Украіны. Гэтым разам праціўнік намагаўся знішчыць крытычную інфраструктуру краіны з дапамогаю беспілотнікаў іранскай вытворчасці «Shahed 131/136». Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, 45 лятальных апаратаў, запушчаных у бок краіны, былі знішчаныя сіламі супрацьпаветранай абароны.

Адзначаецца, што асноўная нагрузка прыпала на СПА Кіеўшчыны, там зліквідавалі 32 беспілотнікі. Пры гэтым вядома, што ў сталічным рэгіёне быў пашкоджаны аб’ект інфраструктуры, пра што заявіў кіраўнік мясцовай вайсковай адміністрацыі Аляксей Кулэба.

Ва «Укренерго» мяркуюць, што верагоднасць блэкаўту ва Украіне малая, бо расейцы пасля шматлікіх атак пазбавіліся асноўнага запасу сродкаў паражэння і цяпер змогуць нанесці толькі мінімальную шкоду інфраструктуры.

Між тым цягам апошніх содняў расейцы працягнулі і наземныя атакі на тэрыторыю Украіны.

Па лініі фронту ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай працягваюцца пазіцыйныя баі. Генштаб ЗСУ паведамляе пра адбіццё атак праціўніка каля Стэльмахоўкі, Плашчанкі і Белагораўкі. Пра атакі ўкраінскіх вайскоўцаў не паведамляецца.

Большай актыўнасцю адзначаюцца баявыя дзеянні на тэрыторыі Данецкай вобласці.

Украінскае камандаванне піша пра няўдалыя атакі расейцаў у ваколіцах Салядару, Бахмуцкага, Бахмуту, Азаранаўкі, Мар’інкі і Пабеды.

Аналітыкі праекту «Deepstatemap» фіксуюць частковы поспех войскаў РФ у лесе каля Бахмуту, а таксама атакі праціўніка каля Вопытнага, Кляшчэеўкі, Первамайскага і Невельскага.

Расейскі ваенны карэспандэнт Сямён Пегаў дадае атакі ў ваколіцах Новаміхайлаўкі, у цэнтры Мар’інкі, каля Каменкі, Курдзюмаўкі, Якаўлеўкі, Белагораўкі, Раздолаўкі і Спірнага.

Таксама цягам апошніх содняў узнавіліся баі па лініі фронту ў Запарожскай вобласці. Паводле «Deepstatemap», расейцы захапілі дзве пазіцыі ЗСУ на поўдзень ад Даражнянкі, пры гэтым самое сяло застаецца пад украінскім кантролем.

Сітуацыя па лініі фронту ў Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях застаецца нязменная: абодва бакі канфлікту засяродзіліся на абароне і нанясенні артылерыйскіх удараў.

Украінскае камандаванне паведаміла, што цягам содняў былі знішчаныя каля 760 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 106 720 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйных паведамленняў удзельнікаў вайны.

Hавiны
Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 31 снежня
2022.12.31 20:44

ВК belsat.eu

Стужка навінаў