Зону адсялення адкрылі для наведвання могілак


Ад 4 траўня да канца сённяшняга дня для наведвання могілак была адкрытая зона адсялення. Замест пропуску – рэгістрацыя на кантрольна-прапускным пункце і шлях адкрыты! Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік штогод на Радаўніцу наведваюць нашчадкі пахаваных у зоне, а таксама турысты-сталкеры.

Наведаць Дзям’янкаўскую сядзібу канца 19 стагоддзя можна раз на год – на Радаўніцу. У іншыя дні за прыбыванне ў зоне без дазволу штрафуюць. Турыст з Расеі Аляксандр Цвяткоў распавядае:

«Шыльдачку павесілі «Гісторыка-культурная каштоўнасць». Уся гэтая спадчына, у тым ліку Чарнобыльскіх зонаў Палесся, – гэта вельмі цікавая тэма. Загінулыя вёскі, страчаны фальклор, помнікі, якія засталіся ў закрытых зонах».

Група турыстаў з Расеі ўключыла адчужаныя вёскі Веткаўскага і Добрушскага раёну ў маршрут па стараабрадніцкіх мястэчках расейска-беларускага памежжа.

Яшчэ 33 гады таму ў вёсцы, забудаванай капітальнымі домікамі пачатку 20 стагоддзя, і ў сядзібе Герардаў віравала жыццё. Нашчадкі ўзгадваюць.

«Дзядуля мой Васіль Кітчанкаў і бабуля Анастасія працавалі ў яго. Дзед з сямі гадоў качагарам працаваў, а бабуля была служанкаю».

«Дачка ў яго Рыта была, то яна палюбіла рэвалюцыянера чырвонаармейца, але бацька не дазволіў з ім з’ехаць. Яна тады ўзяла наган з сабою, пайшла ў роў і там застрэлілася», – успамінаюць жыхары вёскі Дзямʼянкі.

Мікалай Дарашэнка – адзіны жыхар Дзямʼянак. Некалькі гадоў таму рашэннем сельсавету вёску закапалі.

«Раней тут стаялі дамы. Глядзіш – і душа баліць. Цяпер мы прыязджаем наведваць толькі могілкі», – кажа жыхар вёскі Дзямʼянкі Сяргей.

Пахаваных мястэчак на Гомельшчыне каля дваццаці. Гэтак адселеныя жыхары вёскі Грыдні Нараўлянскага раёну раз на год зʼязджаюцца на могілкі – памянуць памерлых і сустрэцца з аднавяскоўцамі.

«Навала Чарнобыльскай бяды раскідала ўсіх, каго куды. Не доўга жылі людзі на чужыне. І некаторыя вярнуліся дамоў, бо там тужылі…» – распавядае сваячка адсяленцаў Надзея Барысенка (Бондар).

У Грыднях усталявалі два крыжы і заклалі фундамент пад капліцу, каб захаваць успамін аб вёсцы.

У дні памінання продкаў Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік наведваюць да 15 тысячаў чалавек. Тэрыторыя складае каля 500 гектараў зямлі. Тут і здзічэлая прырода, і капліцы, і сядзібы. Гісторык Яўген Малікаў кажа:

«Каб іх уключыць у турыстычныя маршруты, трэба падключыць адмыслоўцаў, якія ведаюць каштоўнасць гэтых сядзібаў, гісторыю, і могуць ведаць адметнасці мясцовай тэрыторыі – дзе якія ёсць помнікі прыроды, дзе прыгожыя краявіды, і дзе адселеныя, але яшчэ не закапаныя старыя вёскі».

Турыстычны патэнцыял адселенай зоны ўжо дзесяць гадоў напоўніцу выкарыстоўвае Украіна. Праз тры дзесяцігоддзі пасля ўзняцця чарнобыльскага воблака пра турызм у зоне паволі ўзгадвае і беларускі бок, што пацярпеў не менш.

Юлія Цяльпук, belsat.eu