Былы кіраўнік Службы аховы Лукашэнкі, былы намеснік дзяржсакратара Савету Бяспекі Беларусі знайшоўся – у следчым ізалятары КДБ. Андрэя Уцюрына затрымалі за хабар ад прадстаўніка Расеі. Там жа сядзіць і Гендырэктар «Белтэлекаму».
Неафіцыйная інфармацыя пра хабар, якую раней публікаваў «Белсат», пацвердзілася. Палкоўніка Андрэя Уцюрына, вызваленага з пасады ў Савеце Бяспекі за «учынкі, якія дыскрэдытуюць званне вайскоўца», цяпер афіцыйна затрымалі, яму пагражае да 10 гадоў турмы.
«Андрэя Уцюрына затрымалі на гарачым пры атрыманні $ 148 600 ад прадстаўніка расейскай камерцыйнай структуры «Г» за спрыянне ў прасоўванні яе інтарэсаў у Беларусі», – паведамляе КДБ.
Паводле КДБ, абодва затрыманыя прызналі віну.
«Гледзячы з таго, як было зарганізаванае затрыманне і наколькі аператыўна адрэагавалі на найвышэйшым узроўні, можна сказаць, што вялі яго апошнія паўгода», – мяркуе палітолаг Вольга Харламава.
Раней расейскія медыі са спасылкаю на ананімаў у беларускіх спецслужбах казалі, што Андрэй Уцюрын мог рэгулярна дзяліцца сакрэтнаю інфармацыяй з сябрамі ў расейскіх спецслужбах або нават рыхтаваў пераварот.
Але што гэта за «Г»?
«Мы можам меркаваць, што гэта быў «Газпром», і апошнія гісторыі з нафтай цудоўна кладуцца ў тую самую «Г». Тады мы бачым і хабар, і зліў інфармацыі. Не будзем чапаць спробы перавароту, гэта занадта гучна і аб’ёмна для той асобы, якая была затрыманая», – мяркуе Вольга Харламава.
Таксама ў ізалятары КДБ гендырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Сівадзедаў, які раней быў «на бюлетэні». Яму таксама пагражае 10 гадоў турмы.
«Абвінавачаныя – генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Сяргей Сівадзедаў, які атрымаў хабар € 15 000 за спрыянне ў пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталявання, і хабарадаўца – грамадзянін Расеі «К», – паведамляе КДБ Беларусі.
Абодва затрыманыя супрацоўнічаюць са следствам. КДБ арыштавала 3 кватэры Сівадзедава ў Менску, у тым ліку аформленыя на падстаўных асобаў, і маёнтак у раёне. На месцы жыхарства знайшлі $ 470 000 з іншых хабараў. Расейская амбасада ў Менску заявіла, што не мае інфармацыі пра сваіх грамадзянаў, затрыманых за хабар.
Яраслаў Сцешык, «Белсат»