Жыццё пасля турмы


Віктар Сыч адбыў 5 гадоў турмы і выйшаў на волю яшчэ ў працаздольным, 55-гадовым узросце. Аднак працаўладкавацца ня здолеў, бацькоўская хата ў вёсцы заняпала, і ўжо 15 гадоў ён ня мае ні пенсіі, ні жылля: харчуецца ў сталоўцы для бяздомнікаў.

«Хацеў уладкавацца аўтаслесарам, у мяне былі правы кіроўцы, але мяне не бралі, бо быў ужо ўзрост. У мяне таксама ёсць прафесія стропальшчыка, кранаўшчыка – можна было…», – распавядае Віктар Сыч, былы зняволены.

Адсутнасць працы, жылля і страта сямʼі – сярод прычынаў рэцыдыўных злачынстваў. Колькасць зняволеных у Беларусі складае больш за 30 тысяч чалавек – гэта насельніцтва сярэдняга раённага цэнтру краіны. І перад кожным па выхадзе з турмы паўстае пытанне: як распачаць жыццё з нуля? Сярод еўрапейскіх дзяржаваў Беларусь – краіна з адносна вялікаю колькасцю зняволеных. Паводле апошніх звестак Міжнароднага цэнтру турэмных даследаванняў, на 100 тысяч насельніцтва ў Беларусі сёлета прыходзіцца больш за 340 вязняў.

«Не таму, што мы такая крымінальная краіна. А таму, што паводле нормаў беларускага заканадаўства, людзі, якія штосьці дрэннае ўчынілі ў эканамічнай галіне, таксама трапляюць за краты, што не практыкуецца шмат у якіх еўрапейскіх краінах», – кажа Галіна Верамейчык з Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярод пакараных зняволеннем у Беларусі каля сямідзесяці адсоткаў – людзі ва ўзросце да 40 гадоў, 90 адсоткаў вязняў маюць узрост да 50 гадоў і каля 10 % – старэйшыя за 50. Таму атрымаць адукацыю ці прафесійныя навыкі за кратамі для многіх – магчымасць змяніць сваё жыццё на волі. Такія адукацыйныя праграмы прапаноўвае Нямецкая асацыяцыя народных універсітэтаў у Беларусі.

«Гэта аднаўленне сацыяльных адносінаў і сувязяў, аднаўленне сваяцкіх сувязяў, бо людзі доўгі час знаходзяцца па-за сям’ёй і гэтыя сувязі губляюць. Гэта і пытанні, звязаныя з пошукам працы і працаўладкаваннем», – кажа Марына Малініна з Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў.

Найбольш эфектыўным навучанне людзей у месцах пазбаўлення волі будзе пры ўмове практычнай дзяржаўнай дапамогі былым вязням па выхадзе на волю, перакананы Андрэй Бандарэнка, праваабаронца, які сам прайшоў праз турму:

«Гэта актуальна як у момант зняволення, так і пасля выхаду, паколькі чалавек не гатовы ні маральна, ні псіхалагічна, ні фінансава, ні матэрыяльна ўдзельнічаць у жыцці грамадства, яны не могуць сябе знайсці. І некаторыя з асуджаных маюць элементарнае жабрацтва: ім няма дзе жыць, за што апранацца і сябе пракарміць».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, кожны трэці з былых зняволеных учыняе новае злачынства ды ізноў трапляе за краты. Адукацыя і падтрыманне былых вязняў на 10 адсоткаў гэтую колькасць рэцыдываў зніжае.

Галіна Абакунчык, «Белсат»