Жыхары Салігорскага раёну байкатуюць выбары


Чырвоная Слабада Салігорскага раёну. Гэты дом на вуліцы Савецкай, 39 літаральна развальваецца. Шмат гадоў мясцовыя ўлады не звяртаюць на існыя праблемы ўвагі, таму сённяшнія выбары жыхары пастанавілі байкатаваць і напісалі зварот у пасялковы савет. Гэта была іхная апошняя надзея на дапамогу.

Ніна Жылан, жыхарка Чырвонай Слабады:

«Якія выбары? Пакуль дом не зробяць, нікуды не пайду. Што гэтыя выбары, што гэтыя дэпутаты нам даюць? Няхай бы яны прыйшлі ды паглядзелі, што ў нас дзеецца ў гэтым доме. Ну! Нікому нічога не трэба».

Сцены дому прамярзаюць і зімою пакрываюцца інеем, а чорная цвіль пасялілася ў кожнай кватэры. Праблемы тут паўсюль: у сутарэнні цякуць фекальныя воды, новыя дамафонныя дзверы ўсталяваныя на цэглу. І гэта пры тым, што сёлета ў доме пачалі рабіць капітальны рамонт.

Ніна Жылан, жыхарка Чырвонай Слабады:

«З Салігорску прыехалі, так яны ўжо паказухі паказалі, фарбаваць пачалі. Паказалі, што яны робяць. Сфатаграфаваць жа трэба».

Жыхары дамагаліся капітальнага рамонту менавіта праз праблемы са сценамі, але ўцяпляць іх усё роўна не плануюць. Толькі пафарбаваць, заладзіўшы стыкі паміж панэлямі. Праблему гэта не развяжа. Але ў адказных чыноўнікаў ёсць адказ чаму.

Наталля Дубіцкая, жыхарка Чырвонай Слабады:

«Што адказваюць? Нічога! Рамонт ажыццяўляецца згодна з праектнай дакументацыяй. Праектная дакументацыя складзена зусім няправільна. Не было размовы індывідуальнай з жыхарамі, не было агляду кватэраў».

З такімі праблемамі сутыкнуліся і ў суседніх дамах. У некаторых трохпавярховіках капрамонт ужо скончаны, а жыць у кватэрах усё роўна некамфортна. Некаторыя жыхары гэтых дамоў таксама адмаўляюцца браць удзел у парламенцкіх выбарах.

Святлана Бань, жыхарка Чырвонай Слабады:

«На выбары я не іду, не жадаюць яны да нас павярнуцца – і мы да іх не будзем паварочвацца. Чаму не прыехаць і не пагутарыць з гэтымі людзьмі?»

Але на адмову людзей прымаць удзел у выбарах улады ўвагі так і не звярнулі, і цяпер у станоўчы вынік свайго пратэсту амаль ніхто не верыць.

Ганна Шумская, жыхарка Чырвонай Слабады:

«Думалі, раз не пойдзем – значыць на нас звернуць увагу і хтосьці падумае, што, можа быць, трэба зрабіць даабследаванне. Калі ўлады не разумеюць, тады і я не разумею. Неяк трэба падыйсці да гэтага па-іншаму і падумаць, што, можа, сапраўды трэба дапамагчы».

Нягледзячы на шматлікія афіцыйныя адказы з райвыканкаму, у самым райвыканкаме Салігорскага раёну нашаму званку былі здзіўленыя.

Таццяна Кірбай, начальніца аддзелу ідэалагічнай працы:

«Давайце пакіньце ваш кантакт, я вам ператэлефаную, зараз удакладню, у чым там справа, я не магу зразумець».

Але ніхто так і не ператэлефанаваў. Ведаюць аб пратэставых настроях мясцовых і на выбарчым участку. Праўда, кажуць, насамрэч не ўсе жыхары 39-га дому падтрымалі ідэю байкоту.

Аляксандр Камяк, старшыня выбарчай камісіі:

«Калі ў іх ёсць нейкія праблемы, то, можа, гэта пытанні да старшыні сельсавету, будаўнічых арганізацыяў, якія займаюцца. Але прыходзяць некаторыя, з 39-га дому галасавалі, але, можа, не ў такім аб’ёме і не ў такой колькасці».

Некаторыя жыхары дому сапраўды сустрэліся нам на выбарчым участку, хаця дасюль яны былі супраць удзелу ў выбарах. Аднак бальшыня сваё слова ўсё ж стрымала.

Веніямін Кавалеўскі, жыхар Чырвонай Слабады:

«Калі кажуць пра выбары – абяцаюць усё, калі выконваць. Не ведаю, у каго не атрымліваецца, хто не хоча, хто не можа».

Парламенцкія выбары скончыліся, і цяпер жыхарам Чырвонай Слабады застаецца толькі шукаць спосабаў звярнуць на свае праблемы ўвагу ўладаў.

Алена Дубовік belsat.eu