Жыхары Менску пратэстуюць супраць ушчыльнення Ленінскага раёну


Больш за 50 жылых дамоў сталічныя чыноўнікі плануюць знесці ў раёне станцыі метро «Пралетарская». Менчукі сабраліся на прэзентацыі праекту «Менскграда», каб выказаць незадаволенасць.

Праект дэталёвага планавання ахоплівае межы Партызанскага праспекту – чыгуначнай лініі кірунку Менск-Масква і Антонаўскага парку. Гэта тэрыторыя агульнай плошчай каля ста гектараў. На сустрэчу з прадстаўнікамі адміністрацыі Ленінскага раёну сабралася поўная зала. Жыхары раёну спрабавалі давесці, што гэты праект развіцця распрацаваны без уліку іхных інтарэсаў.

Да таго ж, у прапанаваным плане забудовы, жыхары раёну адзначылі небяспечныя моманты. Галоўны – гэта падземная паркоўка літаральна за некалькі метраў ад школы. Таксама людзі не разумеюць, чаму дамы, якія нядаўна рамантаваліся, паводле праекту зноў падпадаюць пад рэканструкцыю.

Пры гэтым, існуе шэраг будынкаў, якія ані разу не бачылі капітальнага рамонту. Цяпер, са словаў чыноўнікаў, іх прасцей знесці з прычыны састарэласці ды непрыдатных умоваў.

Каб зрабіць праект адпаведным сусветным тэндэнцыям, жыхары раёну стварылі ініцыятыўную групу. Людзі збіраюць подпісы супраць і будуць дамагацца адмены праекту дэталёвага планавання.

Валерыя Уласік, «Белсат»