Анастасія Вашукевіч, больш вядомая як Насця Рыбка мела сёння правесці прэс-канферэнцыю. Дзяўчыну з секс-эскорту, замешаную ў карупцыйным скандале, вызвалілі ўчора з абавязальніцтвам з’явіцца на суд. На прэс-канферэнцыю яна не прыйшла, хоць журналісты чакалі і некалькі разоў патрабавалі ёй пазваніць. Ірына Дарафейчук.
– Анастасія… Магчыма яна пад’едзе…
– Вы прэсу, што сабралася, за ідыётаў трымаеце?
Прэс-канферэнцыя Насці Рыбкі прайшла… без Насці Рыбкі. Напярэдадні Нацыянальная служба навінаў у Маскве анансавала прэс-канферэнцыю Анастасіі Вашукевіч, але ў выніку з журналістамі размаўляў ейны адвакат Дзмітрый Зацарынскі:
«9 месяцаў у тайскай турме, дзе пры патрэбе ходзяць у кут камеры і дзе кормяць рысам. Потым яшчэ ў нашым ІЧУ. Затрыманне вы ўсе бачылі. Не вельмі прыемныя падзеі. Яна цяпер адпачывае. Збіралася пайсці ў кіно, мы ўчора з ёй сустракаліся».
Учора Анастасію Вашукевіч вызвалілі з паліцыі Масквы. Улады Беларусі адрэагавалі на затрыманне грамадзянкі краіны толькі на шостыя содні, акурат перад ейным вызваленнем. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант:
«Безумоўна, кіраўнік краіны ў курсе гэтай сітуацыі, пра яе шмат пішуць у медыях. Больш за тое, прэзідэнт Беларусі даў даручэнне неадкладна заняцца вызваленнем грамадзянкі Беларусі».
Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей назваў вызваленне Насты «комплекснаю заслугай»:
«Усе даручэнні прэзідэнта, якія атрымлівае МЗС, выконваюцца безадмоўна, якасна і своечасова».
Але адвакат Анастасіі Вашукевіч адмаўляе ўдзел прадстаўнікоў беларускай дыпламатыі ў вызваленні Рыбкі:
«Чаму я іх там не бачыў. Іх не бачыў ні я, ні Анастасія Рыбка. – То бок яны не сустракаліся ці вы пра гэта не ведаеце? – Я пра гэта дакладна ведаю. Іх не бачыў ні я, ні Анастасія Вашукевіч».
Што праўда, ужо праз пару гадзінаў пасля няўдалай прэс-канферэнцыі сваёй падабароннай Дзмітрый Зацарынскі запярэчыў сам сабе, размясціўшы ў сваім інстаграм-акаўнце відэа Анастасіі, дзе яна між іншага дзякуе »прэзідэнту сваёй любімай краіны» за дапамогу.
Анастасія Вашукевіч у любімую краіну пакуль не спяшаецца. Цяпер яна перабывае ў Маскве. Афіцыйна Вашукевіч і ейнага знаёмага Аляксандра Кірылава абвінавачваюць у заахвочванні да занятку прастытуцыяй.
«Сабраныя вычарпальныя доказы невінаватасці Анастасіі. Я абаранаю яе. Я іх агучваць цяпер не буду. Я іх агучу тады, калі будзе трэба», – кажа адвакат Дзмітрый Зацарынскі.
Сваёй віны Анастасія Вашукевіч не прызнае. Следства працягваецца.
Ірына Дарафейчук, belsat.eu
Фота: Sergei Fadeichev / TASS / FORUM
Відэа: nsn.fm