Здаровы лад жыцця супраць дзвюх з паловай тысячаў новых цыгарэтных шапікаў


Каля дзвюх з паловаю тысяч шапікаў з цыгарэтамі мусіць з’явіцца ва ўсёй краіне. У тым ліку каля пяцісот – у Менску. Вось табе і крамы крокавай даступнасці разам з клопатам пра здаровую нацыю!

Паводле незалежных медыяў, на працягу двух гадоў цэлая сетка аб’ектаў рэалізацыі тытунёвай прадукцыі будзе створаная кампаніяй «Энерга-Оіл» бізнесоўца Аляксея Алексіна. На меркаванне адмыслоўцаў, адбываецца фактычна пераразмеркаванне рэалізацыі тытунёвых вырабаў са звычайных крамаў у кіёскі.

Віктар Маргелаў, Старшыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў:

«Тут гаворка ідзе пра сур’ёзную манапалізацыю рынку з усімі наступствамі. Ужо сёння гандаль у Беларусі недаатрымлівае шмат якія пазіцыі ад Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі. Не дагружаюцца. Буйным сеткам ставяцца непрымальныя ўмовы».

Цыгарэтныя шапікі пад назвай «Табакерка» ужо вырабляюць на прадпрыемстве «Сучасныя бетонныя канструкцыі«. Зямля пад іх, паводле інфармацыі парталу Тут.бай, будзе перададзеная ў арэнду без аўкцыёну.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Як сцвярджаюць самі бізнесоўцы, патэнцыял нашай тытунёвай галіны далёка не вычарпаны. Ёсць прапановы для змены сістэмы працы ў дадзенай сферы… Гаворка ідзе пра адну са значных крыніцаў папаўнення бюджэту. Таму калі ёсць попыт, трэба прадаваць тытунёвыя вырабы. Не прададзім мы, прададуць іншыя. Рынкі будуць занятыя».

Згодна са статыстыкаю, курыць практычна кожны трэці дарослы беларус. Гэта блізка да сярэднееўрапейскага паказніка. Сярод нашых суайчыннікаў зацягваюцца цыгарэтай 50 адсоткаў мужчынаў і 10 адсоткаў жанчын. Праціўнікі ўсталявання «Табакерак« распачалі збор подпісаў на партале petitions.by. Не сустрэлі мы прыхільнікаў новаўвядзення і на вуліцах Менску.

Жыхары Менску:

«Гэта ні да чаго. Гэта не трэба абсалютна».

«Я сама палю, але мне хапае і крамаў, я магу сказаць шчыра. Я лічу, што гэта лішняе, і не трэба абсалютна. Дзеці будуць курыць, навошта?»

«Іх трэба паставіць так, каб яны не стаялі на бачных месцах, там, дзе дзеці».

«Я ўвогуле катэгарычна супраць продажу цыгарэтаў на вуліцы і ў адкрытым доступе».

«Кідайце курыць».

Летась дзяржаўны бюджэт зарабіў на тытуні каля пяцісот мільёнаў долараў. Палова тытунёвай прадукцыі экспартуецца. Менавіта пад экспартныя мэты «Энерга-Оіл» плануе інвеставаць 122 мільёны рублёў у павелічэнне магутнасці Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі, а таксама 100 мільёнаў у тытунёвы завод у Шабанах.

Віктар Маргелаў, Старшыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў:

«Гаварылася аб тым, што ў нас ёсць нявыкарыстаны экспартны патэнцыял. Калі б размова ішла, што мы адпраўляем на экспарт усё, што дадаткова вырабляем, хто б увогуле слова сказаў? А так мы ствараем дастаткова вострую сацыяльную сітуацыю».

Вось так і атрымліваецца – афіцыйныя прамовы пра павелічэнне экспарту ды прапаганду здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва, а рэальныя дзеянні тым часам скіраваныя на перадзел і пашырэнне рознічнай рэалізацыі тытунёвых вырабаў. Краіна кантрастаў.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu