Збор подпісаў пад ціскам уладаў: 12 паплечнікаў кандыдатаў за кратамі


Не менш за 12 сябраў ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў за кратамі, але людзі працягваюць падпісвацца за альтэрнатывы Аляксандру Лукашэнку.

Запалохваць апанентаў Лукашэнка не мае патрэбы – заявіла парталу РБК прэс-сакратар кіраўніка Беларусі. Наталля Эйсмант, аднак, паведаміла, што затрыманыя ў справе «Белгазпрамбанку» даюць паказанні супраць патэнцыйнага кандыдата Віктара Бабарыкі.

«Эйсмант не з‘яўляецца чальцом следчай групы. Са свайго досведу ведаю, што з групы, якая працуе, толькі старэйшы следчы мае права даваць каментары», – звяртае ўвагу праваабаронца і былы следчы Алег Волчак.

Як днямі заявіў Аляксандр Лукашэнка, правяраць «Белгазпрамбанк» Камітэт дзяржкантролю пачаў яшчэ чатыры гады таму.

«Маё меркаванне: ніякага расследавання не было ў 2016 годзе. Усё гэта рабілася сходу. Памятаеце перадапошнюю нараду Аляксандра Лукашэнкі, на якой той сказаў: «Шукайце!» – прыгадвае Алег Волчак.

Сам Віктар Бабарыка назваў дзеянні ўладаў супраць «Белгазпрамбанку» рэйдарскім захопам. У СІЗА апынуліся двое сябраў яго ініцыятыўнай групы, адзін з якіх – кіраўнік магілёўскага аддзелу «Белгазпрамбанку» Сяргей Кармызаў. Яго абвінавачваюць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры.

«Мы дапамаглі знайсці адвакатаў для гэтых калегаў. Далей яны працуюць наўпрост з роднымі, яны падпісалі дамовы. Што датычыць абвінавачанняў, якія ў іх там ёсць, я, на жаль, не валодаю інфармацыяй», – паведаміла супрацоўніца прэс-службы Віктара Бабарыкі.

У «арганізацыі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак» абвінавачваюць Сяргея Ціханоўскага – мужа патэнцыйнай кандыдаткі Святланы Ціханоўскай. Блогер цяпер у карцары Следчага ізалятару № 1 у Менску. У СІЗА або пад адміністратыўны арышт трапілі не менш як 10 сябраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай. Асцерагаючыся правакацыяў, яна вырашыла збіраць подпісы толькі ў меншых гарадах – такіх, як 30-тысячны Рагачоў.

Людзі прыходзяць і пытаюцца: «За каго?» Мы кажам: «Кавалькова, Чэрачань, Ціханоўская». Яны кажуць: «Падпісваемся за ўсіх! За ўсіх акрамя аднаго!»

«Таму што з 14 вытворчасцяў у нас 12 – знішчаныя. Моладзі няма дзе працаваць!»

«Мая інтуіцыя падказвае, што гэта сумленныя, прыстойныя людзі! Нам ва ўладзе такія патрэбныя. А што ўлады прэсуюць іх – гэта вельмі дрэнна!» – распавядаюць мясцовыя жыхары.

Крымінальны пераслед можа зазнаць кожны канкурэнт Лукашэнкі – кажа патэнцыйны кандыдат Андрэй Дзмітрыеў.

«Гэтыя людзі больш папулярныя, яны атрымліваюць першымі. Але калі мы думаем, што астатніх не крануць – то не, так не будзе. Таму мы сёння салідарныя з Сяргеем, мы шмат казалі, што мы лічым незаконным яго арышт», – зазначае Андрэй Дзмітрыеў.

У Гомлі ля пікетаў патэнцыйных кандыдатаў ужо каторы раз выстройваюцца чэргі.

«У гэтай краіне жыць немагчыма. У мяне сын без працы. Нават плакаць хочацца. Крыўдна жыць у такой краіне, дзе дыктатар усімі намі кіруе! І капейкі зарабляем!»

«Я вельмі малюся, каб у нас нешта памянялася ў лепшы бок! Каб беларусы не выязджалі за межы сваёй радзімы, каб пракарміць сваю сям’ю!» – кажуць жыхары Гомля.

«Назіральнікі» ў цывільным не перашкодзілі сотням менчукоў падпісацца за альтэрнатыву Лукашэнку.

«Калі супраць Лукашэнкі выступалі сотні, тысячы людзей, то іх можна было перасаджаць, пазвальняць з працы. А цяпер іх мільёны, нават не сотні тысячаў, таму ён з гэтым не справіцца», – прагназуе дырэктар Усходнееўрапейскай школа палітычных даследаванняў Аляксандр Дабравольскі.

Збор подпісаў завяршыцца на наступным тыдні, а роўна праз месяц будзе вядома, каго Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў у якасці кандыдатаў на прэзідэнцтва.

Аляксандр Папко, «Белсат»