Завод беленай цэлюлозы ў Светлагорску разарваў дамову з Кітаем


Канец супрацы. Светлагорскі цэлюлозны камбінат разарваў дамову з пекінскаю кампаніяй «China CAMC Engineering», што амаль дзесяцігоддзе будавала прадпрыемства, аднак гэтак і не здолела наладзіць на ім вытворчасці. Ці ўдасца беларусам запусціць завод самастойна без смуродных выхлапаў? І ў чым прычына правалу кітайскіх інвестыцыяў?

Зачыніўшыся ад незалежных журналістаў, акцыянеры Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбінату пастанавілі: дамову з кітайскаю карпарацыяй – разарваць. Завод беленай цэлюлозы будавалі 9 гадоў замест 5, а працаваць ён так і не пачаў.

Алена Маслюкова, грамадская актывістка, Светлагорск:

«Якасць працы кітайцаў проста жахлівая! Уявіце сабе: ані дня гэты завод не працаваў як прыняты да эксплуатацыі, а пры гэтым там ужо адбылася куча аварыяў!»

Спачатку будаўнікі паклалі няякасны кабель. Затым завод заліў наваколле невыносным смуродам, а ў адным з цэхаў абваліўся дах. Будавала завод кітайская карпарацыя «China CAMC Engeneering». Каб аплаціць яе працу, светлагорскі камбінат пазычыў у Паднябеснай 700 мільёнаў долараў. Цяпер «Беллеспаперапрам» намераны запусціць завод айчыннымі рукамі.

Алена Маслюкова, грамадская актывістка, Светлагорск:

«Людзі, якія працуюць на заводзе, аднойчы мне напісалі, калі я запыталася, што там адбываецца (да канца года ж нібыта збіраюцца яго запусціць): «Запусціць можна ўсё. Але гэты завод хутчэй запусціцца ў космас».

Ці варта даводзіць завод да ладу? Мы запыталі жыхароў Светлагорску:

«Толькі трэба навесці парадак: каб выкіды былі не таксічныя для нашага гораду».

«Для здароўя ён шкодны. А чыста эканамічна ён, канечне, патрэбны».

«У плане эканамічнага абгрунтавання – гэта плюсік, у плане экалогіі – гэта тлусты мінус».

«А што гэта смярдзіць? Гэта хіба што спецыяльна пусцілі!»

Светлагорскі завод не адзіны такі няўдалы праект. Кантракт з кітайскім падрадчыкам летась разарвала Добрушская папяровая фабрыка. Мадэрнізацыя кітайскімі фірмамі абодвух нашых цэментавых заводаў так і не вывела іх з шэрагаў стратных. Пасля масавых пратэстаў зачыніўся акумулятарны завод у Берасці. Аднак віна ляжыць не на замежных фірмах, а на тых, хто іх запрасіў, мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч:

«Чыноўнікі – гэта ж людзі безадказныя. Таму так і атрымліваецца. Падпісвалі, бралі абы-якую кампанію. А затым высвятляецца, што кампанія гэтая ўвогуле няпрофільная, яна ніколі такіх праектаў не ладзіла. Затым высвятляецца, што якасць гэтага праекту і гэтага абсталявання вельмі дрэнная».

Але ёсць і гісторыі поспеху. 50 фірмаў адкрылі свае прадстаўніцтвы ў індустрыйным парку «Вялікі камень». Больш за 6 тысяч аўтамабіляў сёлета выпусціў завод «БелДжы». Не наракае ўрад і на мадэрнізацыю цеплаэлектрастанцыяў ці мадэрнізацыю дарогі Менск–Гомель.

«Гаворка ішла пра інфраструктурныя праекты: электрыфікацыя чыгункі ці будаўніцтва дарогі, ці ВПК. Там не прадугледжваецца атрыманне прыбытку», – каментуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Там, дзе трэба зарабляць, нашыя чыноўнікі аказваюцца непрыдатныя. Кітаю Беларусь павінная ўжо 3,3 мільярды долараў. На чарзе – новы праект: будоўля ў Менску нацыянальнага футбольнага стадыёну. Спартовы аб’ект коштам 200 мільёнаў долараў Пекін абяцае пабудаваць бясплатна.

Аляксандр Папко, belsat.eu