1 снежня – глядзіце, што сёння падаражэла


З заўтра можна браць з сабою на працу тэрмометры! Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі праверыць… тэмпературу на месцах. У працоўных памяшканнях мусіць быць не халадней за 15 градусаў цяпла! А ў офісах – мінімум плюс 20! Так што калі замярзаеце, можна смела тэлефанаваць на гарачую лінію.

У астатнім заўтра прывітае беларусаў разнастайным падаражэннем. Наймацней адчуюць надыход каляндарнай зімы курцы: цыгарэты падаражэюць адразу на 5–15 капеек за пачак. Адчувальна, не тое што з палівам, дзе кошты растуць рэгулярна, але толькі па капейцы на тыдзень.

«Падаражэнне адчуваецца. Але лепш так, чым рэзка. За адну ноч, як гэта было раней. Успееш маральна прывыкнуць».

«Калі гэта ўсё скончыцца, гэтыя падаражэнні. Б’е па кішэні, асабліва пенсіянераў».

«Трошкі непрыемна. Хоць і па капейцы, але не вельмі», – кажуць жыхары Менску.

Яшчэ адная пагроза для гаманцоў аўтаўладальнікаў – з 1-га снежня штрафы за летнія апоны. Заўтра ДАІ распачне рэйды. Першы раз без зімовай гумы – палова базавай, 12 рублёў. Паўторныя ўжо абыдуцца ад дзвюх да 5-ці базавых штрафу. Памяняць гуму каштавала мне каля 30-ці рублёў – трохі больш за адную базавую. Але бяспека на дарозе важнейшая.

Тым, хто не мае аўта, расслабляцца не давядзецца, змены чакаюць і іх. Ужо падняліся кошты на праезд у Менскай, Віцебскай і Гарадзенскай вобласцях. Найбліжэйшымі днямі на 5 капеек падаражэе праезд і на Магілёўшчыне. А вось у сталіцы пакуль пастанавілі кошту не падымаць, Менскі гарвыканкам спачатку будзе вывучаць сітуацыю.

Яшчэ адное новаўвядзенне для тых, хто афіцыйна не мае прыбыткаў: заўтра можна будзе спраўдзіць, ці залічыла вас дзяржава ў дармаеды. Доступ да базы на Адзіным партале электронных паслуг можа атрымаць кожны. Логін і пароль выдаюць у службе «адно вакно». Але поўныя спісы ўтрыманцаў падрыхтуюць толькі праз два месяцы. З новага года дармаеды мусяць быць гатовымі плаціць паводле поўнага тарыфу за некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі.

«Мы гатовыя да гэтага. Паўсюль кепска жывецца. Не абавязкова, што тут павінна быць лепш за ўсё. Церпім».

«Людзям не так проста жывецца, і напэўна гэта будзе для ўсіх вельмі кепска. Асабліва пенсіянерам і тым, хто атрымлівае малыя заробкі. А што можам зрабіць? Нічога не зменіцца».

«Цэны падымаюцца. Метро становіцца даражэй. Стыпендыі падымайце!Калі ласка!» – скардзяцца менчукі.

Але не ўсяму ж толькі расці. Для некаторых цэны зніжаюцца. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання заўтра зніжае тарыфы на цеплавую энергію. Што праўда, дакумент датычыць арганізацыяў, што эксплуатуюць жыллёвы фонд. Нас з вамі гэтая палёгка не закране.

Вольга Чайчыц, belsat.eu