Заробкі рабочых на стратных заводах растуць. Тлумачым парадокс


Кожнае шостае прадпрыемства ў Беларусі – стратнае

Стратных заводаў – усё больш, а заробкі працаўнікоў – растуць. У парадаксальных фінансавых выніках сталічных прадпрыемстваў дапамагае разабрацца эканаміст Леанід Злотнікаў.

Больш за 17 % сталічных прадпрыемстваў летась адпрацавалі ў мінус. Спіс стратных заводаў Менску падаўжэў на адну дзясятую – іх стала 264. Прычына – у падзенні даходаў ад экспарту – лічаць эканамісты.

«Сабекошт прадукцыі стаў расці яшчэ ў мінулым годзе. І ён абганяе рост прадукцыйнасці працы, таму што зарплата таксама расла», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Відэаверсію матэрыялу глядзіце ў поўным выданні навінаў за 17 лютага:

Заработная плата расце хутчэй за прыбыткі прадпрыемстваў і прадукцыйнасць працы пачынаючы з 2017 года – з тае пары, калі Лукашэнка запатрабаваў падняць заробкі да доўгаабяцаных $ 500.

«Да канца кварталу вашая задача – аднавіць тысячу рублёў, а на працягу года – перавысіць гэтую тысячу рублёў!», – заяўляў Лукашэнка ў сакавіку мінулага году.

Эканаміст Леанід Злотнікаў

Пры гэтым цэны на беларускі бензін і трактары на замежных рынках не павышаюцца. Дзяржпрадпрыемствы павысілі зарплаты, але як зарабляць больш – не прыдумалі.

«Мы заціснутыя гэтай столлю. Гэта называецца пастка сярэдняга ўзроўню даходаў. Пакуль у краіне не адбудзецца капітальных пераменаў, звязаных з эфектыўнасцю ўсёй эканомікі, гэта і будзе працягвацца», – дадае Злотнікаў.

Працягвацца так можа доўга. Ужо пяты год стратным у нас застаецца кожнае шостае прадпрыемства. У мінус ды з прыбыткамі каля нуля працуе больш за палову фабрык і заводаў. І прычына – не толькі ў крызісе, але і ў сістэме. Яна не ўзнагароджвае тых, хто вынаходзіць, як зарабіць больш.

Аляксандр Папко, «Белсат»