Замест Балгарыі – Вілейскае вадасховішча. Што будзе з летнім адпачынкам беларусаў?


Трыста тысяч беларусаў загадзя запланавалі адпачынак – да пачатку пандэміі. Грошы за ранняе браняванне ім меліся б вярнуць на працягу 14-ці дзён пасля змарнаванага выезду, але на справе сітуацыя выглядае інакш. Мянчанка Наталля Іўлева на раннім браняванні купіла сыну тур на ліпень і жнівень у летні лагер у Балгарыі.

«Вяртання грошай мне не прапаноўваюць. Прапануюць ехаць адпачываць у чэрвені на 12 дзён за 700 рублёў на Вілейскае вадасховішча», – кажа Наталля.

Межы Балгарыі закрытыя, але калі б і адкрыліся, адпачынак ва ўмовах пандэміі Наталля лічыць небяспечным.

«Рызыка ў тым, што калі хто-небудзь захварэе, то будзе праблематычна дзіця вывезці на лячэнне ў Беларусь», – тлумачыць мянчанка.

Наталля працягвае перамовы з турфірмай і спадзяецца прыйсці да кампрамісу.

Але вярнуць грошы адразу ўсім турыстам, якія скарысталіся ранняй замовай паездак, турфірмы папросту не могуць. Агульная сума доўгу – каля чатырохсот мільёнаў рублёў.

«Праблема ў тым, што грошы пасля аплаты тураператару застаюцца ў міжнародным палёце. Калі гэта быў, напрыклад, Егіпет, то грошы на егіпецкім рахунку. Дзеля працэдуры вяртання патрабуецца досыць шмат часу, нават каб банальна спісацца з усімі гэтымі звёнамі», – тлумачыць сузаснавальніца турфірмы Марыя Цагойка.

Варыянтам для турыста, які ўсё роўна мае намер адпачыць пасля паляпшэння эпідэміялагічнай абстаноўкі, можа стаць захаванне грошай на дэпазіце тураператара.

Марыя Цагойка кажа: «Гэта выдатная магчымасць, каб турыст рана ці позна скарыстаўся гэтым адпачынкам. Дэпазіт дазваляе грошы зэканоміць і пакінуць у той валюце, у якой ён іх заплаціў».

Яшчэ адна праблема, з якой сутыкнуліся турысты, – візы, тэрмін дзеяння якіх скончыўся падчас пандэміі. У Аляксандры Назаркінай цяпер нядзейная віза ў ЗША, з-за закрытых межаў яна страціла магчымасць адпачынку і цяпер вымушаная адкрываць новую візу.

«Акрамя таго, што ты губляеш 160 долараў, табе трэба яшчэ запісацца, а там заўсёды вельмі складаны запіс. Я лічу, што мы жывем у 21-м стагоддзі, усё камп’ютарызавана, усе візы павінны падаўжаць на перыяд пандэміі», – кажа турыстка Аляксандра Назаркіна.

З сярэдзіны сакавіка турфірмы не маюць выручкі, некаторыя падаюць дакументы на ліквідацыю. У сакавіку ўраду накіравалі прапановы, як можна ўратаваць галіну. Прапаноўваецца дазволіць турфірмам адкласці выплаты турыстам да канца года, увесці падатковыя канікулы, на год падоўжыць выдадзеныя замежнікам беларускія візы. У выпадку прыняцця такога дакументу…

«Спажыўцам могуць вярнуць грашовыя сродкі – так, не сёння. Але з адтэрміноўкай нейкага пэўнага часу. Мы захаваем ключавыя кадры і захаваем усю галіну і зможам пераарыентавацца на ўнутраны і ўязны турызм», – тлумачыць старшыня Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Аксана Бічун.

Адтэрміноўку выканання абавязкаў перад турыстамі ўжо атрымалі тураператары Грэцыі, Францыі, Турцыі, Балгарыі. Беларускай тургаліне застаецца чакаць рашэння ўраду, а турыстам варта прыгледзецца да ўнутранага турызму. Ва ўмовах пандэміі каронавіруса верагоднасць, што летні адпачынак у большасці беларусаў пройдзе ў межах роднай краіны, вельмі высокая.

Алена Дубовік, Белсат