З усіх – «па 500»: у ВНУ растуць кошты навучання


Не з новага навучальнага года, а з 1 сакавіка галоўны ўніверсітэт краіны павысіў кошт навучання. Заплаціць за адукацыю ў Белдзяржуніверсітэце давядзецца на 12 адсоткаў больш. Узняліся цэны і ў шэрагу іншых універсітэтаў – на 6–12 %. А гэта значыць, што навучэнцам трэба выкласці з кішэні ў сярэднім яшчэ па 500 рублёў. А што наўзамен атрымаюць студэнты?

Вучыцца і яшчэ раз вучыцца! Плаціць і яшчэ раз плаціць! Не дачакаўшыся новага навучальнага году першы ўніверсітэт краіны – БДУ – узняў кошты на навучанне на 400-500 рублёў за год. Студэнты Белдзяржуніверсітэту:

«Дамова падпісвалася на адзін кошт, а цяпер ён зусім іншы. У інстытуце бізнесу была такая ж праблема, што павысілі аплату, што раней не абмяркоўвалася».

«Ёсць фраза «бедныя студэнты», і яна часткова праўдзівая. Павышэнне на 400 рублёў – гэта вялікія грошы. Смутна і крыўдна».

Навучацца даражэй студэнты БДУ пачнуць ужо з 1 сакавіка, пастановаю ад 17 лютага:

«У сувязі са зменамі ўмоваў аплаты працы бюджэтных арганізацыяў і на падставе зробленых падлікаў».

Міністэрства адукацыі, якому належыць 21 з 51 Вышэйшай навучальнай установы, раз ужо ўздымала кошты ў сваіх ВНУ, але перад акадэмічным годам – на суму да трох соцень рублёў. Тады максімальная аплата за год на юрфаку БДУ вырасла да 4 тысячаў 200 рублёў. Ад 1 сакавіка – яна павялічыцца яшчэ на 370 рублёў! Дзе ўзяць? Студэнты Белдзяржуніверсітэту:

«Самім неяк давядзецца ісці на працу і дапамагаць бацькам неяк».

«Я ж не працую, я не магу аплочваць. І бацькам цяжка. Не разумею сэнсу павышэння навучання, калі ягоная якасць не зрабілася лепшаю».

Аналітык BISS Вадзім Мажэйка кажа – кошты на адукацыю растуць ва ўсім свеце:

«Кошты на любыя Брытанскія ці Амерыканскія ўніверсітэты таксама высокія ў параўнанні нават з сярэднімі заробкамі ў гэтых краінах. Заўсёды, безумоўна пытанне ў якасці і ці беларускія ўніверсітэты забяспечваюць тую якасць, адэкватную да высокіх коштаў у параўнанні з іншымі ўніверсітэтамі ў нашым рэгіёне».

Калі казаць пра БДУ, то гэта 24 факультэты і 278 спецыяльнасцяў. Пра ролю ўніверсітэту летась казаў ягоны рэктар Андрэй Кароль:

«Некаторыя факты кажуць самі за сябе… Кожная шостая доктарская дысертацыя, якую абараняюць у краіне, абараняюць у БДУ, і кожную пятую кандыдацкую дысертацыю».

Што дае гэтая статыстыка выпускнікам БДУ, які лічыцца лепшым, і іншым «прэстыжным» ВНУ краіны, якія таксама ў лютым паўздымалі кошты на навучанне – на 6-12 %. Уладзімір Дунаеў, сябра Грамадскага балонскага камітэту:

«У нас нібыта скарачаецца студэнцкі кантынгент – за апошнія 10 гадоў ён скараціўся на 45 % – вельмі моцна. Але пры гэтым у нас і выдаткі дзяржавы ў разліку на 1 студэнта скараціліся на 25 %. Пры гэтым кадравыя агенцыі наракаюць, што доля выпускнікоў, якія адпавядаюць патрабаванням працадаўцаў, не дацягвае да 10 %».

На мадэрнізаванне сістэмы адукацыі ў 2015 годзе Беларусь узяла ў Сусветнага банку $ 150 млн крэдыту, і рыхтуецца ўзяць яшчэ $ 110 млн. На гэтыя грошы ўлада мае ў тым ліку спыніць сацыяльную няроўнасць у адукацыі, кажа Уладзімір Дунаеў:

«Гэта і сельскія школьнікі, і дзеці з сем’яў з нізкім эканамічным статусам, і людзі з інваліднасцю. І нават сіраты, якія нібыта маюць сацыяльныя ільготы, на справе не могуць з іх карыстацца».

Даступнасць ільготаў і коштаў на адукацыю – нават не фігуруе ў пералічаных тры гады таму Мінадукацыі напрамках адукацыйнай палітыкі да 30 года. Той жа рэктар БДУ летась прызнаў пад час аднаго з семінараў:

«Адна з фундаментальных праблемаў якія стаяць у адукацыі – гэта праблема – якія суадносіны паміж «Даць» і «Вырасціць». Вырасціць у вучні – гэта значыць стварыць умовы».

На платных умовах у гэты навучальны год увайшлі больш за палову студэнтаў – 28 100… пры агульнай колькасці 54 700. Адзіны плюс для гэтых маладзёнаў, бадай, што ім удасца адкупіцца ад прымусовага размеркавання.

Юлія Цяльпук, «Белсат»