Якія фэсты адмяняюцца ўлетку?


Звычайна абклееныя афішамі слупы – цяпер пустыя. Канцэрты і фестывалі адмяняюцца прынамсі на два месяцы наперад. Але арганізатары жнівеньскіх фестываляў The Veska і «Рок за баброў» пакуль спадзяюцца ўсё ж правесці свае імпрэзы.

Некаторыя імпрэзы пераносяць у онлайн-формат. Гэтак робіць гарадзенскі фэст бардаў «Зялёны Гран-Пры». Некаторыя, як «Вуліца Ежа», плануюцца на жнівень, а адзін з буйнейшых – «Лідбір» – анансаваў перанос імпрэзы на 2021 год. Налета перанеслі і фестываль «Stereo Weekend з Новым радыё».

Але нават тыя летнія імпрэзы, якіх яшчэ не перанеслі, верагодна, усё ж не адбудуцца.

«Сітуацыя паказвае, што гэта адсоўванне ў часе на некалькі тыдняў, але ўсё адно прыводзіць да пераносу. Пакуль прагнозы сумныя, і выглядае на тое, што фестывальнага лета ў Беларусі не будзе», – кажа аўтар праграмы Belsat Music live Сяргей Будкін.

У адсутнасць фестываляў і канцэртаў – дакладна не збіраюцца адмяняць пакуль хіба толькі «Славянскі базар» – што плануе рабіць моладзь улетку?

Менская моладзь:

«Лепей з’ехаць у вёску, возера, пляж, адпачываеш і нікога не кранаеш. Гэта для мяне найлепшы варыянт, калі тут усё адмяняецца».

«Хадзіць на лужок загараць, марозіва есці».«Спадзяюся, што хутка ўсё ўзновіцца, і пад восень планую схадзіць на канцэрты».

Тых жа, хто ўжо набыў квіткі на перанесеныя імпрэзы, музычны эксперт заклікае не здаваць іх цяпер, а захаваць. Гэтак можна падтрымаць канцэртныя агенцтвы, якія аказаліся ў цяжкім эканамічным стане.

Наста Кахановіч, «Белсат»