Як жыхары Доўску ў Трампа біяпрыбіральні замовілі


Аўтастанцыя ў аграгарадку Доўск зачыненая, але пытанне адкрытае, – паведамілі «Белсату» у Рагачоўскім райвыканкаме, на які скардзяцца жыхары аграгарадка. Цяпер на вузлавой аўтобуснай станцыі ані схавацца ад надвор’я, ані прыбіральняй скарыстацца. Мясцовыя ўзяліся за праблему!

На пляцоўцы перад ужо былым Доўскім вакзалам – няспынны рух грамадскага транспарту. На месцы – неспадзяванка…

«Вот мы прыехалі, няма прыбіральні».

«З гэтымі торбамі ня ведаеш, куды выйсці, куды адысці, дзе іх паставіць», – скардзяцца пасажыры.

Будынак аўтастанцыі – зачынены. Ініцыятар збору подпісаў Аляксей Паўлоўскі распавядае:

«Таму што прадалі будынак. Будынак, прызначаны для пасажыраў, на які былі выдаткаваныя грошы падаткаплатнікаў. Тут таксама напісана, што ёсць прыбіральня. Зараз гэтая прыбіральня мы бачым зачыненая, касы няма, людзі вымушаныя патрэбу спраўляць наўпрост перад дзвярыма і за кантэйнерамі, якія выходзяць на будынак Інстытуту бульбаводства».

Доўск – гэта аграгарадок у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. Транспартны вузел на шляху буйных аўтамагістраляў Магілёў-Гомель (М8, E95) і Бабруйск-Слаўгарад. Штодня з аўтастанцыі адпраўляецца 31 аўтобус… На зварот аб захаванні будынку ў Гомельскім аблвыканкаме актывісту Аляксею Паўлоўскаму патлумачылі прычыны рашэння:

«Нізкі ўзровень плыні пасажыраў, а таксама стала стратная праца пасажырскага тэрміналу, але пры гэтым выкананне сацыяльных стандартаў па транспартавым абслугоўванні насельніцтва Рагачоўскага раёну», – патлумачыў Віктар Гарбачоў, першы намеснік гомельскага аблвыканкаму.

У апошнія тры гады будынак прынёс больш за 20 тысячаў рублёў стратаў, нягледзячы на змяншэнне ў 15 разоў «Гомельаблаўтатрансам» плошчы мэтавага выкарыстання. Палову будынку тады заняў «Еўраопт». Пасля закрыцця аўтастанцыі ды звальнення касіркі і прыбіральшчыцы, смецце з ваколіцы павесілі на працаўніцу крамы.

«Смецце цяпер усяе на сметніцы «Еўраопту». Адусюль, з усяе тэрыторыі. Раніцай прыходжу на працу – раблю абход, перш чым прымацца за сваю працу», – распавядае супрацоўніца «Еўраопту».

Звольненым жа жанчынам працу прапанавалі ў райцэнтры.

«У іх там заробкі троху вышэйшыя за нашыя. Але мы адмовіліся, бо адсюль немагчыма ездзіць, дабірацца штодзень», – кажа Вера Кірылава, былая касірка аўтастанцыі.

Абураныя супольным рашэннем гомельскай вертыкалі жыхары і транзітныя пасажыры падпісваюцца пад ужо чарговым зваротам у Адміністрацыю прэзідэнта і, нечакана…

«І да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Да Трампа, таму што ЗША аказваюць дапамогу гуманітарную, і мы просім, каб тут, у нас, на гэтай пляцоўцы, усталявалі вігвам Трампа і дзве біяпрыбіральні», – гаворыць Аляксей Паўлоўскі, ініцыятар збору подпісаў.

Магчыма, што ў райвыканкаме:

«Будуць з гэтым яшчэ нейкія рашэнні прымаць, нешта рабіць і канчатковы адказ даваць. Калі пэўныя змены адбываюцца, канешне, людзям гэта не падабаецца, пакуль яны да гэтага не прызвычаяцца», – тлумачыць Таццяна Рыжанкова, рагачоўскі райвыканкам.

Прызвычаіцца прасцей летам, калі цёпла. А зімою…

«Не за кожным жа разам ты прыйшоў і праз 15 хвілінаў паехаў. Даводзіцца чакаць і 2 гадзіны. Калі іншы кірунак, то і 3 гадзіны (я да сястры езджу). Гэта бязмежжа нейкае! Гэта не толькі маё меркаванне!» – абураецца пасажырка.

– Так-так! Мы таксама падтрымліваем – адзываюцца іншыя пасажыры.

Юлія Цяльпук, belsat.eu