Як у Беларусі быць вегетарыянцам?


Сёння ў свеце адзначаецца дзень вегетарыянства. Паводле статыстыкі, кожны дзясяты жыхар планеты не есць мяса і рыбы. Людзі прыходзяць да такой дыеты праз розныя прычыны: кагосьці турбуе этычны бок, хтосьці хвалюецца з прычыны экалогіі, а камусьці нельга мяса па медычных паказніках. Мы спыталі звычайнага беларуса пра тое, як быць вегетарыянцам у Беларусі?

Мянчук Міхась Варанцоў ужо больш за 10 гадоў не есць мяса ці рыбы. Адмовіцца ад гэтых харчоў ён вырашыў пасля чытання на ўроках расейскай літаратуры «Тихого Дона». Хлапца так уразілі натуралістычныя апісанні нябожчыкаў, што ён вырашыў не есці мяса.

«Я паступова, цягам месяца ці двух пераставаў есці кавалкі мяса, кавалкі рыбы. Юшку там еў, а потым перастаў», – кажа Міхась Варанцоў.

Ён прыгадвае, што рэакцыя родных на змены ў рацыёне была даволі крытычная. Бацькі не зразумелі, а бабуля нават спрабавала гвалтоўна накарміць унука.

«Я сказаў ёй, што не ем мяса, а яна такая: «О, клас, у мяне як раз ёсць для цябе страва». І дала мне страву з курыцай. Пасля гэтага я паўгода ці год не размаўляў з ёй», – прыгадвае ён.

Звычайны набор прадуктаў нашага героя – гэта крупы, энергетыкі, сыр, локшына хуткага прыгатавання ды гародніна і садавіна. Іх можна купіць у любой краме ці на Камароўцы.

Вегетарыянцы не ўжываюць у ежу мяса і рыбы, але п’юць малако і ядуць яйкі. Таму звычайны вегетарыянскі сняданак можа выглядаць вось так: аўсянка на малацэ з разынкамі ды арэхамі.

Сярэдні чэк за адзін закуп на тыдзень – 50 рублёў. Для параўнання – закуп на тыдзень у мясаеда можа скласці 70 рублёў. Міхась кажа, што ягоны рацыён не вельмі адрозніваецца ад звычайнага, толькі мяса ён замяняе сырам. А вось з адмысловай ежай для вегетарыянцаў могуць з’явіцца праблемы.

«Напрыклад, тофу там няма ці чаго-небудзь такога. Але можна і без іх абыходзіцца. Не вельмі цяжка. Проста ясі салацікі, малочку, крупы, бульбу», – дзеліцца Міхась Варанцоў.

З вегетарыянскай ежай у кавярнях у Менску, паводле нашага героя, усё добра. Заўсёды будзе нейкая немясная опцыя: хоць бы тая ж бульба-фры. Вось, напрыклад, на Камароўскім рынку мы лёгка знайшлі піражкі без мяса.

У мясе ўтрымліваецца шмат неабходных арганізму элементаў: напрыклад, бялкі, жалеза, вітаміны Б6 і Б12, халін. Таму, каб пазбегнуць праблемаў са здароўем, дактары рэкамендуюць вегетарыянцам прыймаць не менш за дзесяць дадаткаў.

«Праблема ў тым, што шмат якія расліны, хоць і ўтрымліваюць вялікую колькасць, напрыклад, цынку ці магнію, яны вельмі дрэнна засвойваюцца з расліннай ежы», – сцвярджае Андрэй Белавешкін, кандыдат медычных навук ды блогер.

Сам жа Міхась кажа, што аніякіх зменаў у арганізме не назірае:

«Першыя год-два мне падавалася, што ў мяне павысілася вынослівасць. Больш аніякіх зменаў я не заўважыў. З валасамі і пазногцямі ўсё добра».

Адмаўляцца ад мяса ці не – гэта справа кожнага. Але варта памятаць, што калі вы вырашыце змяніць свой рацыён, то яго трэба зрабіць максімальна здаровым. Таму не забудзьцеся пракансультавацца з доктарам.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu