Як Новы год ідзе па планеце? Сочым разам


Аднымі з першых у свеце сустракаюць новы год новазеландцы. Феерверк на вышыні больш за трыста метраў – на тэлевежы «Скай Таўэр» у сталіцы краіны Оклэндзе – бачны здалёк і прыцягвае тысячы гледачоў.

Але першымі новы год сустрэлі не ў Новай Зеландыі. Калі ў Беларусі быў яшчэ толькі поўдзень, жыхары акіянскіх выспаў Самоа і Кірыбаці ўжо выпілі шампанскае і, магчыма, нават пайшлі на пляж – у паўднёвым паўшар’і цяпер самае лета.

Маштабна сустрэла новы год і Аўстралія. На 12-ці-хвілінны феерверк на сіднэйскім мосце Гарбар пайшло 8 з паловаю тонаў піратэхнікі. Медыі сцвярджаюць, што гэта быў самы вялікі салют, які калі-небудзь ладзілі ў Аўстраліі.

Кітайскі новы год – год жоўтай свінні – сёлета надыдзе толькі 5 лютага, але ў краіне святкуюць і паводле еўрапейскага календара, ды згодна з заходнімі традыцыямі кіраўнік краіны выступае з віншавальнаю прамоваю на тэлебачанні.

Феерверк у Гон-Конгу арганізатары назвалі асляпляльным пірамузычным шоу, у Сеуле новы год пачаўся традыцыйнымі званамі, а ў Тайвані на адным з найвышэйшых у свеце, 101-павярховым будынку разгарнулі святочны дысплэй.

Частка жыхароў планеты ўжо сустрэла 2019-ы, іншым жа яго яшчэ чакаць. У Нью-Ёрку падчас апошніх прыгатаванняў пратэставалі крыштальны шар, зроблены з трыццаці дзвюх тысяч святладыёдаў і дзвюх з паловаю тысяч крышталікаў. Менавіта яго падзенне і адзначыць надыход новага года на пляцы Таймз-Скўэр.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu