Мінабароны Беларусі будзе «падвышаць прэстыж» тэрміновай службы – заявіў яго кіраўнік Андрэй Раўкоў.
«Дадатковая прапанова [для Міністэрства працы] – увесці каэфіцыенты ў залежнасці ад працягласці тэрміновай ваеннай службы для пераразліку пенсійнага стажу».
А праз Міністэрства адукацыі абяцаюць ужо налета першачаргова залічваць у тэхнікумы ды ўніверсітэты тых, хто служыў. Такое ж першынства мае быць пры засяленні ў студэнцкія інтэрнаты. Апроч гэтага маюць быць ільготы пры працаўладкаванні.
Усё гэта добра, але не дастаткова – кажа праваабаронца Алег Волчак.
«Гэта трэба комплексна рабіць. Тыя 3-4 змены што Мінабароны прапаноўвае, не прывабяць моладзь у войска. Я перакананы. Бо маюць быць створаныя ўмовы, армія мае ўсё адно ісці да кантрактнай», – гаворыць ён.
Беларусь мае такія праблемы праз нізкі, каля 1% ВУП, бюджэт на абарону – лічыць эксперт «Белсату».
«Нават Латвія выдаткоўвае больш у мільёнах долараў, ужо не кажучы пра Расею і Украіну, якія выдаткоўваюць па 3-5% ВУП. Як можа быць прэстыжным войска, якое беднае? Боты, анучы, усё састарэлае, а новае бачым толькі на парадах», – мяркуе рэдактар праграмы «Прасвет» Сяргей Пеляса.
Высокабюджэтныя вайсковыя шоу абслугоўвае новая тэхніка, якой адзінкі. Штодзённасць арміі – стары савецкі арсенал. Што яшчэ трэба змяніць дзеля ўзняцця прэстыжнасці айчыннага войска – падказваюць апытаныя намі жыхары Віцебску:
«Патрыятызм трэба ўздымаць атрымаецца».
«Шмат хто хоча на кантракт адразу, але як бачым улады не могуць выдаць сапраўдныя грошы».
«Палепшыць умовы іх прыбывання ў гэтым войску, другое, што яны будуць ад гэтага мець».
«Калі чалавек туды пойдзе, каб вярнуўся абсалютна з нармальнаю псіхікаю, перакананы што яе ніхто не сапсуе».
Псіхіку, здароўе а часам і жыццё пакідаюць навабранцы ў войску. Як гэта было ў выпадках салдат тэрміновай службы Аляксандра Коржыча, Сяргея Ясюкевіча ці Аляксандра Арлова… Следства кажа пра самагубствы, блізкія – сумняюцца. Можа таму нашыя абітурыенты неахвоча пераходзяць у навабранцы? Але закон завядзе іх сілаю. Новыя захады дазволяць прызваць на паўтары-дзве тысячы больш маладзёнаў у веснавы прызыў, і да трох тысячаў – у восеньскі.
Юлія Цяльпук, «Белсат»