Як менчукі шыюць касцюмы ды вырабляюць абарончыя маскі для медыкаў


Два дзясяткі ахоўных шчыткоў адправіліся ўчора ў больніцы Чашнікаў і Гарадка. Валанцёры менскага хакерспэйсу штодня дасылаюць медыкам сродкі аховы.

«Мы спыталі нашых медыкаў, у некаторых ёсць такія ж ахоўныя шчыткі, але будаўнічыя. Яны іх набываюць паштучна, яны вельмі дарагія, ну як дарагія: дзясяткі рублёў. І мы падумалі: мы ж сваімі сіламі можам рабіць тое самае ў хакерспэйсе», – кажа Флоп Бутылкін з менскага хакерспэйсу.

За няпоўны тыдзень валанцёры зрабілі ўжо прыблізна дзве тысячы масак. Замовы адвезеныя ўжо ў больш як 90 медычных установаў па ўсёй краіне.

«Хлопцы знайшлі ў інтэрнэце мадэлі, якія можна раздрукаваць на 3D-прынтары, вось такі шчыток надзяваецца і атрымліваецца гатовы ахоўны шчыток», – паказвае шчыток валанцёр

Хутка адгукнулася шмат валанцёраў, якія маюць 3D-прынтары. Надрукаваныя дэталі яны прывозяць сюды для збору. Другую дэталь шчытка выразаюць лазерам. Першыя такія маскі даставілі ў больніцы яшчэ 1-га красавіка.

«Сарафаннае радыё. Першапачаткова я ў сваёй больніцы пусціла кліч, сярод сваіх знаёмых, аднакурснікаў, з тымі, з кім працавала ў студэнцтве на хуткай», – кажа рэаніматолаг і адна з аўтарак ідэі вырабляць шчыткі Кацярына Мяржынскас.

Кацярына Бай адпраўляе замовы ў больніцы. Праграмістка паводле прафесіі, раней яна намагалася трымацца рэжыму самаізаляцыі. Але цяпер прыходзіць у хакерспэйс аб 11 гадзіне штодня.

«Мы збіраем і тут жа адразу ўпакоўваем і аддаём, каб максімальна хутка даставіць усё нашым медыкам. І заканчваем прыблізна а 23:00. У першы дзень гэта была гадзіна ночы», – кажа валанцёрка.

Валанцёры таксама заклікаюць беларусаў прыносіць ім маскі для падводнага плавання. Іх дапасоўваюць да працы ў медычных установах. Таксама інжынер зрабіў яшчэ адну мадэль шчытка: спрошчаная. На яе выраб сыходзіць менш часу, бо друкаваць на 3D-прынтары нічога не трэба. А трэба сабраць тры дэталькі ды ўставіць гумку ва ўжо гатовы шчыт.

Цяпер валанцёры распрацоўваюць новыя мадэлі сродкаў аховы для медыкаў. І шукаюць памочнікаў: напрыклад, для пашыву ахоўных касцюмаў. Такімі валанцёрамі сталіся працаўнікі аднаго са сталічных атэлье. Яны знялі мернікі з ужо існых касцюмаў і цяпер шыюць іх. За тры дні майстрыхі бясплатна вырабілі ўжо некалькі дзясяткаў камбінезонаў.

«Я думаю, нам нічога не зробіцца, калі мы дапаможам дактарам. Некалі давядзецца звярнуцца і нам да іх па дапамогу. Калі мы дапаможам, гэта будзе лішні раз прыемна, калі ўратуем лішні раз ад інфікавання», – кажа швачка Жанна.

Тканіну для камбінезонаў набылі валанцёры з менскага хакерспэйсу за ахвяраванні. Да валанцёраў можна далучыцца з дому, калі ў вас ёсць машынка і навыкі шыцця. Звяртайцеся да менскага хакерспэйсу праз адмысловую форму на сайце. Там можна прапанаваць і іншую дапамогу. Медыкаў жа просяць запаўняць адмысловую форму.

Наста Кахановіч, «Белсат»

Фота: Ірына Арахоўская