Вынікі выбараў абвесцяць на раніцу?

Выбары адбудуцца 9 жніўня, аднак пра папярэднія вынікі грамадскасць даведаецца толькі на наступны дзень – прынамсі, такі сцэнар разглядае ЦВК.

«Калі пройдзе ноч, і на наступны дзень – чыста псіхалагічна – выказаць сваё негатыўнае стаўленне да вынікаў выбараў (якія, зразумела, вядомыя загадзя і на пяць гадоў наперад) будзе цяжэй», – кажа Сяргей Нікалюк, палітолаг

Традыцыйная схема, паводле якой працуюць нашыя калегі ў дзень выбараў, у прэс-цэнтры Палацу Рэспублікі, таксама, верагодна, зазнае змены. Каманда Лідзіі Ярмошынай хоча запрасіць журналістаў толькі дзяржаўных медыяў. Прычына – эпідэмічная сітуацыя ў краіне, патлумачылі парталу «Тут.бай» у ЦВК.

«Улады баяцца зусім іншага віруса. Улады баяцца віруса свабоды слова, улады баяцца, што прадстаўнікі незалежных медыяў, магчыма, будуць задаваць нейкія нязручныя пытанні», – кажа Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ.

Праз сітуацыю з каронавірусам на выбары ў Беларусь не прыедуць і назіральнікі ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Тым часам да апошняга дня рэгістрацыі кандыдатаў застаецца тыдзень. І ў штабах прэтэндэнтаў разглядаюцца разнастайныя версіі далейшага ўдзелу ў гэтай кампаніі, у тым ліку варыянт зняцця з выбарчае гонкі.

«Я адзін са сваёй камандай не змагу зрабіць таго, чаго ад нас чакаюць беларусы. Мы можам гэта зрабіць толькі ў тым выпадку, калі будзем працаваць разам. Калі, як вы сказалі, рабяты выходзяць з гэтай кампаніі, то я нічога адзін зрабіць не змагу. І тады я буду не вымушаны, а з задавальненнем іх падтрымаю», – распавёў Сяргей Чэрачэнь, патэнцыйны кандыдат на прэзідэнцтва.

У інтэрвʼю «Белсату» Сяргей Чэрачэнь таксама паведаміў, што не можа ні зняпраўдзіць, ні пацвердзіць інфармацыі пра факты ціску на яго адносна прызнання той лічбы подпісаў, што агучыла ЦВК на ягонае падтрыманне. Адначасова працягваюцца следчыя дзеянні ў справе «Белгазпрамбанку». Сёння стала вядома пра яшчэ адзін ператрус – у кампаніі «Актыўлізінг». А ў Віцебску суддзя Уладзімір Царыкаў назначыў каардынатару ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, Уладзіміру Кійку, 10 содняў арышту – за ўдзел у ланцугу салідарнасці 19 чэрвеня.

«Усё прадказальна. І на гэтую хвіліну з нашымі апошнімі 10 соднямі ў Віцебску па Кійко – гэта 1962 содняў адміністратыўных арыштаў», – кажа Ірына Траццякова, праваабаронца.

Аднак дзень не без добрых навінаў – пасля месяца ў ізалятары на волю выйшлі актывісткі Вольга Мікалайчык і Вераніка Мішчанка: абедзвюх затрымалі падчас пікету на Камароўцы 7 чэрвеня. У спадарыні Вольгі, якая 22 дні была ў карцары, наперадзе яшчэ амаль месяц арыштаў па рашэннях суда. Вольга Мікалайчык, грамадская актывістка:

«30 содняў мяне не вадзілі ў душ. Учора я ўпершыню расчасалася, мне не давалі расчоскі. Проста нічога не давалі, гэта бетонны 2 на 2 пакой, ні кніг не далі, ні акуляраў, поўная ізаляцыя, адключылі гарачую і халодную ваду».

«Мне спрабавалі паказаць усё, што мяне чакае ў будучыні. Усё, што можна было выпрабаваць на мне, усё выпрабавалі. Мы спалі на голых дошках», – кажа Вераніка Мішчанка, грамадская актывістка.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» таксама паведамляе, што блогеру Сяргею Пятрухіну выставілі абвінавачанне адразу паводле трох крымінальных артыкулаў. Апрача дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, гэта яшчэ абразы суддзі і прадстаўніка ўлады. Апошнія два артыкулы датычаць падзеяў двухгадовае даўніны. Цяпер блогеру пагражае да трох гадоў зняволення.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама