Выбары ў ніжнюю палату: першыя вынікі ЦВК і назіральнікаў


Рэкордная з 2004-га года яўка (77,22 %) ды набліжэнне парламенту да еўрапейскіх стандартаў. Гэткую адметнасць сёлетніх выбараў у Палату прадстаўнікоў заўважыла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК Беларусі:

«З выбраных дэпутатаў жанчыны складаюць 44 чалавекі, 40 адсоткаў, то бок мы рухаемся проста да еўрапейскага гендарнага патрабавання, дзе прапаноўваюць, каб было не менш за 50 адсоткаў жанчын у парламенце».

Дэмакратычнаю парламенцкую кампанію традыцыйна прызналі назіральнікі ад СНД. Паводле сябраў місіі, парушэнняў было не шмат і тыя неслі тэхнічны характар.

Сяргей Лебедзеў, старшыня Місіі назіральнікаў ад СНД:

«Мы як суседзі і сябры Беларусі прыехалі сюды з добрымі пачуццямі не толькі здзяйсняць аб’ектыўнае назіранне за ходам галасавання, але і дапамагчы нашым беларускім сябрам і калегам годна правесці гэтую выбарчую кампанію».

Аптымізму сяброўскай місіі СНД не падзялілі еўрапейскія калегі ды незалежныя назіральнікі.

Маргарэта Сэдэрфэльт, кіраўніца спецгрупы назіральнікаў АБСЕ:

«Калі гэта зробленае эфектыўным спосабам – гэта празрыста. Калі мы не можам бачыць бюлетэняў, і пры падліку галасы, аддадзеныя за таго або іншага кандыдата, не агучваюць, то нам складана падлічыць, ці лічбы сапраўды адпавядаюць колькасці аддадзеных галасоў».

Назіральнікі кампаніі «Права выбару» заяўляюць пра завышэнне яўкі больш як удвая. За ўвесь час выбарчай кампаніі яны выявілі 731-но парушэнне. Амаль палову з іх зафіксавалі ў асноўны дзень выбараў.

Аляксандр Сілкоў, нацыянальны каардынатар кампаніі «Права выбару»:

«Людзі, якія павінныя былі паназіраць адкрыты і празрысты падлік галасоў, сталі асноўнымі ворагамі фальсіфікацыяў. Гэта вельмі важка, што мы ўбачылі, што, калі мы хочам выконваць закон, мы сталі чамусьці ворагамі».

Гэтак, назіральнікаў, якія абураліся парушэннямі ды патрабавалі пераліку галасоў, выдалялі з участкаў, а некаторых – пазбаўлялі акрэдытацыі.

Як адзначаюць праваабаронцы, ніхто ў краіне не ведае сапраўднай колькасці выбарнікаў, якую сфальсіфікавалі камісіі. Сёлета ў іх складзе беспрэцэдэнтна нізкая колькасць зацверджаных прадстаўнікоў ад апазіцыі.

Уладзімір Лабковіч, кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары»:

«Вось гэта кругавая парука, якая ёсць у гэтых камісіях, усёдазволенасць, карт-бланш, які яны атрымліваюць ад адміністрацыяў і ўчора яшчэ – ад прэзідэнта, ён і прыводзіць да такой абсалютна сітуацыі, калі выбарчага працэсу фактычна больш у краіне няма».

Канчатковае падвядзенне вынікаў выбараў адбудзецца 23 лістапада. Аднак ужо цяпер вядома, што ў Палаце прадстаўнікоў не будзе ніводнага дэпутата ад дэмакратычных сілаў.

Юлія Лабанава belsat.eu