Выбарчая кампанія: заява ў следчы камітэт на Ціханоўскага і ператрус на ягоным лецішчы


Чым бліжэйшае галасаванне – тым мацнейшы ціск. На тле затрымання актывістаў па ўсёй краіне на лецішчы Сяргея Ціханоўскага – кіраўніка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай – падчас ператрусу знайшлі 900 тысяч долараў. Таксама на блогера склалі заяву ў Следчы камітэт.

На сямейным лецішчы кіраўніка штабу Святланы Ціханоўскай, Сяргея Ціханоўскага, сёння ўвесь дзень адбываўся ператрус, у часе якога следчыя знайшлі 900 тысяч долараў. Пры ператрусе прысутнічала маці затрыманага блогера.

– Скажыце, калі ласка, дык гэта вашыя грошы ці не?

– Мае.

– А дзе вы іх узялі, зарабілі?

– Зараблялі.

– Дзе?

– І сын зарабляў, і я зарабляла.

А вось Святлана Ціханоўская датычнасць да знаходкі следчых у каментары радыё «Свабода» катэгарычна адмовіла.

«Я проста ў шоку! Мы з хлеба на ваду перабіваемся, а тут такія грошы! Мяркую, іх маглі падкінуць. Маці Сяргея 71 год, яе ноч марнавалі, і яна перахвалявалася. Калі пачалі даставаць долары, яна сказала, што «гэта мы з сынам зараблялі», бо не ведала і не бачыла, колькі там», – сказала вылучэнка ў кандыдаты на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская.

Пакуль жа следчыя ператрэсвалі лецішча Ціханоўскіх, каманда прэтэндэнткі на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах збірала ў Бабруйску подпісы за яе вылучэнне.

«Мы маем права сказаць тое, што мы думаем, галасаваць за таго, за каго хочам, рабіць тое, што мы хочам. Мы свабодныя людзі. Мы не народзец».

«Калісьці наступае край. І калі на сябе магу сказаць: ладна, я зміруся, хай будзе як будзе – але ў мяне ёсць дзеці, я хачу, каб яны жылі па-іншаму. Я прыйшла сюды сама», – кажуць жыхары Бабруйску.

Людскія чэргі, што выстройваюцца, каб падпісацца за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, кіраўнік дзяржавы і таксама прэтэндэнт на кандыдата Аляксандр Лукашэнка сёння назваў каруселлю:

«Нават дастукаліся да таго (мэр Менску заўважыў), што на аўтамабілях падвозяць людзей. Распісаліся, у машыну селі, яны іх па квартале абвезлі, зноў паставілі іх у чаргу».

Да ціску на каманду Святланы Ціханоўскай далучылася і старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына, якая звярнулася ў Следчы камітэт з просьбай праверыць на наяўнасць складу злачынства дзеянні Сяргея Ціханоўскага і ягонай каманды на пікетах для збору подпісаў, а таксама магчымыя пагрозы забіць Ярмошыну. І ў выпадку патрэбы распачаць крымінальную справу.

«Што азначае надпіс на пікеце спадарыні Ціханоўскай са словамі «прыстукнуць» – ну і далей абражальная мянушка мяне? Прыстукнуць – сінонім слова забіць, знішчыць. Гэта пагроза, прамая пагроза, якая ўжо напісаная на пікеце для збору подпісаў. Гэта мірны пікет?» – эмацыянальна выказалася старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

На паседжанні Цэнтрвыбаркаму таксама адхілілі скаргу Віктара Бабарыкі на Аляксандра Лукашэнку. Гаворка ў прыватнасці ішла аб прымусовым зборы подпісаў. Парушэнняў выбарчага заканадаўства з боку дзейнага кіраўніка дзяржавы камісія не знайшла.

«Гэта насамрэч магчымасць зрабіць справядлівыя выбары. Гэта тое, што адбываецца. І каму гэта не падабаецца, той правакуе зрыў справядлівых выбараў», – кажа вылучэнец у кандыдаты на прэзідэнцтва Віктар Бабарыка.

Сустрэча з ініцыятыўнай групай Віктара Бабарыкі адбылася сёння ў Віцебску. Подпісы збіралі традыцыйна ў масках і пальчатках.

Анастасія Русецкая, «Белсат»