Спевы і скокі, кірмашы, выставы вытворчасцяў. «Выбары заўжды былі ў Беларусі святам!» – казаў у сярэдзіне кастрычніку кіраўнік краіны. Варта адзначыць, што Лукашэнка мае рацыю. Выбары сапраўды падобныя да свята – нешта між імпрэзай у савецкім стылі і Гэлаўінам. Касцюмаваныя артысты не даюць засумаваць выбарнікам.
Дарэчы, опцыя «шашлычка і каньячка» таксама ўлучаная: у буфетах можна пачаставацца рознымі прысмакамі. Што на гэтых выбарах сапраўды дэмакратычнае, дык гэта кошты на ежу і алкаголь.
Але ж, вядома, электаральны працэс – гэта штосьці большае за канцэрты і танную ежу на ўчастках. Чым кіруюцца беларусы, якія пастанавілі наведаць сёння выбарчыя ўчасткі?
«Я прагаласаваў, толькі вам па сакрэце скажу – вельмі граматнаму чалавеку! Вельмі граматнаму! Каторы быў у спісе – першы!»
«Во! Прыйшла галасаваць за Георгія Думбадзэ! Бо гэты чалавек ездзіць па краіне, і сур’ёзныя пытанні ён адлюстроўвае вельмі добра».
«Галасаваў за моцнага дэпутата, які, мяркую, цалкам дастойны і здолее Беларусь вывесці яшчэ на крок наперад. Каб Беларусь была не толькі, як кажа наш паважаны Аляксандр Рыгоравіч, Сінгапурам. То бок вышэй за Швейцарыю, сталася Сінгапурам».
У пэўным сэнсе гэтае мэты ўжо дасягнулі. Ні Швейцарыі, ні Сінгапуру такое хараство на выбарчых участках і не мроілася.
Ян Вярбіцкі belsat.eu