«Вярнуў беларусам годнасць». 20 гадоў таму загінуў Мікола Ермаловіч


Дзясяткі гадоў Мікола Ермаловіч ездзіў на электравіку з Маладзечна ў менскую бібліятэку дзеля навуковых пошукаў у гісторыі. І дзякуючы ягоным працам кардынальна змянілася канцэпцыя гісторыі Беларусі. Вялікае княства Літоўскае пачало ўспрымацца як беларуская дзяржава, а не літоўская.

Нарадзіўся Мікола Ермаловіч у вёсцы Малыя Навасёлкі вось у гэтым доме, які захаваўся да нашых дзён і, паводле вяскоўцаў, будынак дагэтуль належыць сям’і Ермаловічаў. Некаторыя вяскоўцы да гэтага часу памятаюць Міколу Ермаловіча:

«З людзьмі ён заўсёды па-беларуску, па-харошаму размаўляў».

«Ну харошы чалавек».

Але большую частку жыцця Ермаловіч жыў і працаваў у Маладзечне. Лявон Цімохін быў суседам Міколы Ермаловіча, сябраваў з ім і часта прыносіў свае вершы, каб параіцца.

«Ён сам, дарэчы, быў паэтам. Калі мне здавалася, што нейкі верш харошы, я ішоў да Міколы Іванавіча, мы садзіліся на кухні, і ён гаварыў: «Ну, давай», – расказвае Лявон Цімохін.

Вядомы Мікола Ермаловіч перадусім сваімі манаграфіямі «Па слядах аднаго міфа», «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае». Навуковец Анатоль Астапенка расказвае:

«Мікола Ермаловіч пачаў капаць з такіх невялікіх артыкулаў: дзе была тая летапісная Літва? Даследаваў, так, па тапаніміцы і па іншых крыніцах. Ён напісаў кніжку, каторая зрабіла пераварот».

Анатоль Астапенка пра Ермаловіча напісаў кнігу з назвай «Той, хто вярнуў нам гісторыю». Але заслугі Ермаловіча былі прызнаныя не адразу. Першая манаграфія, напісаная ў 1968 годзе, распаўсюджвалася як самвыд. Прызнанне прыйшло толькі ў 1990 годзе, калі Мікалай Ермаловіч атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Кастуся Каліноўскага і медаль Францішка Скарыны.

«Дзякуючы Ермаловічу мы атрымалі тое, што мы зараз лічым за гісторыю, якую мы бяром за аснову. Што Вялікае княства Літоўскае ў аснове сваёй было беларускай дзяржавай», – кажа Анатоль Астапенка.

Усе дасягненні няпроста даваліся Ермаловічу: у яго з дзяцінства быў вельмі слабы зрок, у бібліятэцы ён мог працаваць толькі ў масіўных акулярах і з лупай. І з вялікімі цяжкасцямі перасоўваўся па горадзе. У гэты дзень 20 гадоў таму Мікалай Ермаловіч загінуў пад коламі аўтамабіля. «Ён любіў Беларусь» – застаўся надпіс на помніку.

Алена Дубовік, «Белсат»