Вуліца Янкі Брыля, свой дэпутат і беларусізацыя хуліганаў. 30 гадоў Таварыству беларускай мовы


Мы яе пяшчотна называем матчынай ці роднай, але шмат для каго ў Беларусі яна – чужая. Паказаць прыгажосць беларускай мовы ды пашырыць яе ўжыванне тры апошнія дзесяцігоддзі намагаецца Таварыства беларускай мовы.

Праз парадныя дзверы ў доме на Румянцава 13 у свет беларускасці ўвайшлі тысячы чалавек. Таварыства беларускае мовы адзначае юбілей.

Дзякуючы высілкам ТБМ удалося вярнуць дзясяткам вуліцаў іх гістарычныя назвы, а іншыя назваць у гонар дзеячаў беларускае культуры. Гэтак з’явіліся вуліцы Янкі Брыля ды Язэпа Драздовіча ў Менску. 55 тысяч подпісаў актывісты арганізацыі сабралі за беларусізацыю грамадскага і чыгуначнага транспарту. Галоўнае ж дасягненне, паводле ганаровага старшыні ТБМ Алега Трусава, – гэта ўратаванне ад знікнення беларускае мовы.

«За 30 год быў і падʼём, быў і заняпад. Зараз беларуская мова стала модным брэндам сярод эліты. Гэта айцішнікі, гэта бізнесоўцы, нават частка дзяржаўных чыноўнікаў», – кажа ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў.

У найлепшы час колькасць сябраў ТБМ сягала 30 тысячаў чалавек. Арганізацыя спрычынілася да зменаў у заканадаўстве, у тым ліку дамаглася ўвядзення абавязку чыноўнікаў адказваць на беларускамоўныя лісты грамадзянаў па-беларуску.

Здараюцца і перамогі індывідуальнага характару. Адзін з заснавальнікаў ТБМ Ян Грыб згадвае водгук настаўніцы пра яе вучня:

«Ён быў такі хуліган, вучыцца зусім не хацеў. А пасля вашай вечарыны, як вы расказалі пра ТБМ, пра гісторыю нашай краіны… Ён, кажа, стаў такім паборнікам Беларусі і беларускасці, стаў вучыцца».

ТБМ таксама выдае кнігі, газеты і часопісы, хаця і самой арганізацыі не раз была патрэбная дапамога.

«Не раз хацелі нас закрыць, адсюль вывозілі нашу сядзібу, быў пераслед, і бомбы тут шукалі, але закрыць нас не ўдалося. Самае яшчэ вялікае дасягненне, што ТБМ абʼядноўвае некалькі тысяч канкрэтных сяброў, і мае сяброў больш, чым усе партыі разам узятыя. Ну, і апошняе дасягненне, што мы маем свайго дэпутата ў Палаце прадстаўнікоў», – узгадвае Алег Трусаў.

Цяперашняя старшыня таварыства Алена Анісім кажа, што як дэпутатка Палаты прадстаўнікоў спрабуе беларусізаваць заканадаўства, прасоўваць мову ў СМІ і сферы адукацыі, дамагчыся, каб беларуская мова гучала на самым высокім узроўні:

«Прысутнасць кожнага нашага лідара ў палітычнай прасторы дапамагае таму, што звяртаецца ўвага на беларускую мову, яна дапамагае таму, што прыходзяць маладыя амбітныя сілы. Мы хочам, каб менавіта беларуская мова стала асновай для далейшага развіцця Беларусі менавіта як еўрапейскай краіны».

Пры поўнай адсутнасці ў краіне беларускамоўных вышэйшых навучальных установаў таварыства ініцыявала стварэнне беларускамоўнага Універсітэту імя Ніла Гілевіча.

«На сённяшні дзень сітуацыя такая: у нас ужо адбыліся курсы па многіх дысцыплінах: фізіка, інфарматыка, гісторыя і замежныя мовы», – дадае Алена Анісім.

Цяпер ТБМ актыўна працуе таксама над праектам закону «Аб дзяржаўным падтрыманні беларускай мовы» і дамагаецца яго ўлучэння ў парадак працы Палаты прадстаўнікоў.

Арцём Лява, belsat.eu