Рыхтуемся! Крыху больш, як праз месяц, у Беларусі знікнуць прадпрыемствы з заробкамі ніжэй за 400 рублёў. Так паабяцаў віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын у інтэрвʼю дзяржаўнаму тэлебачанню. Турчын заявіў, што ўрад праверыць і разбярэцца з тымі заводамі, якія плацяць, цытата, неапраўдана нізкі заробак.
1073 рублі 70 капеек. То бок нарэшце больш за 500 долараў. Столькі паводле Белстату склаў сярэдні налічаны заробак у Беларусі ў красавіку. Але па-за сталіцаю далёка не кожны мае нават і 400 рублёў. Апытаныя намі жыхары Бабруйску сведчаць:
«Вельмі далёка [да такой сумы]. У мяне заробак 217 рублёў».
«У нас гавораць, што сярэдняя плата нібыта тысяча. У інтэрнэце ж гуляе такое. Але чамусьці мы яе не бачым».
«У мяне 400 [рублёў] зарплата».
«Людзі працуюць за капейкі, не дацягваючы нават і гэтай сумы. Мае дзеці таму і не ў гэтай краіне».
Спраўдзіць прычыны такіх нізкіх заробкаў мае міністр падаткаў і збораў Сяргей Налівайка. Урад праверыць, ці няма на гэтых прадпрыемствах выплатаў у канвертах. Віцэ-прэмʼер Аляксандр Турчын у інтэрвʼю тэлеканалу «Беларусь 1» заявіў наступнае:
«Мы будзем вельмі сувора гэта кантраляваць. Першы этап – гэта тыя кампаніі, што плацяць людзям заробак менш за 400 рублёў. Мы паставілі сабе заданне, каб да 1 ліпеня гэтых прадпрыемстваў не было».
Паводле віцэ-прэмʼера, наступны парог – заробак 500 рублёў. Арганізацыяў з меншымі выплатамі проста не павінна быць да 1 студзеня 2020 года.
«Калі распараджэнне віцэ-прэмʼера будзе выкананае, і заробкі ўсё ж павялічаць, то гэта будзе за кошт субсідыяў, хутчэй за ўсё, стратным прадпрыемствам у выглядзе крэдытаў, якія тыя не вяртаюць. І гэтыя крэдыты лягуць цяжарам на нас, звычайных падаткаплатнікаў», – мяркуе эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.
Прадпрыемствы рэальнага сектару маюць праблемы з абаротнымі сродкамі. Як падае партал «Банкі24.бай», станам на 1 красавіка буйныя ды сярэднія прадпрыемствы валодалі абаротнымі фондамі 15,6 мільярдаў рублёў, з чаго 11,2 мільярдаў былі сканцэнтраваныя ў Менску.
У Магілёўскай і Гомельскай вобласцях Беларусі абарот вялікіх прадпрыемстваў увогуле быў цалкам вымыты і заменены крэдытамі ды пазыкамі.
Паводле афіцыйных звестак, сярэдняя рэнтабельнасць сярэдніх і буйных прадпрыемстваў сёлета ў першым квартале была меншаю за той сам перыяд летась (7,1% супраць 7,2%). А рост прамысловасці ў доларавым эквіваленце ўвогуле спыніўся.
«Найбольш неэфектыўныя прадпрыемствы рана ці позна ўсё роўна давядзецца зачыняць. І тады ўладам давядзецца развязваць праблему дастаткова высокага беспрацоўя і шукаць сродкі для стварэння найбольш эфектыўных працоўных месцаў і сацыяльнай абароны беспрацоўных, замест таго каб ганяцца з гэтак званымі «дармаедамі», – кажа Леанід Фрыдкін, галоўны рэдактар выдання «Экономическая газета».
Але змена палітыкі ў гэтым кірунку не прадугледжваецца. Старшыня ж Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч звяртае ўвагу, што словы віцэ-прэмʼера Аляксандра Турчына пра змаганне з нізкімі заробкамі ніяк не замацаваныя на паперы:
«Калі будуць дакументы, што не павінна быць ніжэй, прымусіць наймальніка нешта рабіць. Але яшчэ раз кажу, што дэкларацыя любая павінная быць абгрунтаваная».
Паводле Генадзя Фядыніча, заява віцэ-прэмʼера больш нагадвае лозунг у перадвыбарчай кампаніі. А вось ці будзе кожны працаўнік з 1 ліпеня атрымоўваць не менш за 400 рублёў, даведаемся ўжо неўзабаве.
Вітаўт Сіўчык, belsat.eu