Віталь Рымашэўскі: «У Беларусі няма сістэмы абароны ад гвалту ў школе»


Хібы школьнай праграмы і загружанасць настаўнікаў няпрофільнымі абавязкамі. Незалежныя эксперты зазначаюць у айчыннай адукацыі прыкметы сістэмнага крызісу. Праблему разам з чыноўнікамі абмеркавалі ў экспертным клубе цэнтру «Еўрапейскі дыялог».

Школа. Кожны праз яе прайшоў, і, бадай, кожны, хто мае дзяцей, мае сваё меркаванне пра сістэму адукацыі. Некаму ўсё даспадобы.

«Адукацыя ў нас цяпер добрая. Мяняць нічога не трэба».

«У цэлым мы задаволеныя нашай сістэмай адукацыі», – кажуць жыхары Магілёва.

Нехта мяркуе, што сістэму варта грунтоўна рэфармаваць. Іншыя жыхары Магілёва:

«Я лічу, што ў сённяшняй сістэме адукацыі ў школьнікаў павінна быць больш інфармацыі, якая дапаможа ім у адаптацыі да дарослага жыцця».

«Настаўнікам, мабыць, не хапае сувязі з бацькамі».

«Не хапае спецыялістаў».

«Дзяцей бяруць абагулена, іх індывідуальныя якасці не ўлічваюцца».

А хтосьці заўважае, што праблема найперш у дзецях. Вось што кажа адна жыхарка Магілёва:

«Дзеці цяпер, не ведаю, у сілу чаго яны такія не выхаваныя сталі (…) Гульня ў тэлефоне. Там яны нешта чэрпаюць, там усё нехарошае. Тэлефоны б наагул забараніла!»

Зрэшты, ад нядаўна тэлефоны сапраўды забаранілі. Пасля славутага выпадку ў гомельскай школе нумар 15, калі 4-класнікі знялі відэа, на якім настаўніца мацюкалася і пагражала вучню прыўзнятай партай.

«Абсікаліся, што, бачыце, у сацсетках гэта размясцілі. А абсікаўшыся, пакаралі гэтага беднага настаўніка. Ды я на месцы настаўніка галаву адкруціў бы шчанюку нейкаму», – заявіў 19 верасня Аляксандр Лукашэнка, які асабіста ўмяшаўся ў справу.

Звольненую настаўніцу аднавілі, а дырэктара – звольнілі.

«Школа павінная стаць самастойнай. Дырэктар не павінен прызначацца, ён павінен выбірацца, у тым ліку і бацькамі», – прапаноўвае кіраўнік праекту «Народны падручнік» Сяргей Альшэўскі.

На прафесійным узроўні абмеркавалі сёння праблемы сістэмы адукацыі ў межах экспертнага клубу цэнтру «Еўрапейскі дыялог». Сістэма ў крызісе, мяркуюць апазіцыйныя палітыкі і актыўныя педагогі. Адукацыя бюракратызаваная, а настаўнікі займаюцца не сваймі абавязкамі, напрыклад, перапісам насельніцтва ці зборам грошай з бацькоў.

Віталь Рымашэўскі, эксперт Інстытуту сацыяльнага рынку і развіцця для Беларусі і Усходняй Еўропы:

«Сёння ў Беларусі проста няма сістэмы абароны ад гвалту ў школе. Гэта не толькі жахлівыя прыклады, калі вучні нападаюць на дзяцей, але дзеці не абароненыя ад псіхалагічнага гвалту, калі настаўніца альбо завуч крычыць на іх на перапынку».

Звярнуў увагу Віталь Рымашэўскі і на дыскрымінацыю беларускай мовы. Класаў амаль няма, а сістэма прывяла да таго, што дзеці не валодаюць роднай мовай. Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, прысутныя на дыскусіі, катэгарычна не пагаджаюцца з тэзай пра крызіс у сістэме. Аднак выкласці нам сваё гледзішча яны адмовіліся. Педагог Валянціна Голубева зазначыла, што сістэмай мае кіраваць адзін прынцып. Паводле вядомай піраміды патрэбаў псіхолага Маслаў, менавіта самарэалізацыя…

«…гэта найвышэйшая патрэбнасць чалавека, і калі чалавек не можа яе дасягнуць, ён не будзе шчаслівы. Калі мы такім чынам вызначым мэту адукацыі, тады ў нас будзе крытэр вызначэння, што добра, што дрэнна», – працягвае Валянціна Голубева, сябра праўлення Беларускай асацыяцыі выкладчыкаў ангельскае мовы.

У кожным разе, дыскутанты пагадзіліся ў адным – добра, што прадстаўнікі сістэмы адукацыі прынамсі паслухалі аргументы. А таму ёсць надзея, што за крытычнымі заўвагамі з аднаго боку могуць пайсці хоць нейкія практычныя крокі з іншага.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu