«Усе перашкоды зліквідуем!» Літоўская Рэспубліка святкуе 30 гадоў незалежнасці


30 гадоў таму новаабраны Вярхоўны Савет Літоўскай ССР на першым жа паседжанні прызнаў савецкую анексію 1940 года незаконнай. У гэты ж дзень краіне вярнулі назву «Літоўская Рэспубліка», а таксама нацыянальныя сімвалы.

«Асноўнай ідэяй адраджэння было спантаннае жаданне, воля жыць інакш. Было ўсведамленне таго, што мы жывем няправільна, убога, што мы выраджаемся, што мы маем знікнуць», – узгадвае прафесар Вітаўтас Ландсбергіс, старшыня Вярхоўнага Савету ў 1990-1992 г.

За незалежнасць краіны прагаласавалі 124 дэпутаты, устрымаліся шасцёра абраннікаў. Супраць – ніводнага голасу. Літва была першаю саюзнаю рэспублікай, якая наважылася на такі рашучы выклік Маскве. Акторка і дэпутатка Вярхоўнага Савету, падпісантка Акту пра незалежнасць Літвы Ніёле Ажаліце распавядае:

«Ведаеце, як страшна! Мы тут сабраліся, а маглі тут і памерці. Але там тры мільёны людзей, яны зусім не хацелі паміраць! Літоўцы заўсёды былі мудрыя, яны ведалі, што дзеля Айчыны трэба жыць, трэба дзяцей нараджаць».

Але паміраць літоўцам усё ж такі давялося. Пасля працяглага палітычнага супрацьстаяння менш як праз год савецкія танкі пойдуць на штурм тэлевежы ў Вільні. У студзені 1991 загінулі 14 абаронцаў літоўскае незалежнасці, яшчэ 700 былі параненыя. Штурм Вярхоўнага Савету тады так і не наступіў, але літоўцы рыхтаваліся да яго абароны. Былі на барыкадах і беларусы.

«Мне хацелася б, каб Беларусь таксама была ўрэшце незалежнай, але ў адной краіне, адной рэспубліцы было немагчыма вырвацца з гэтых ланцугоў. Таму трэба было дзейнічаць супольна», – тлумачыць Валянцін Стэх, удзельнік барацьбы за незалежнасць Літвы.

Сёння ж, 11 сакавіка, у Літве дзяржаўнае свята. Нацыянальны сцяг на віленскім праспекце Гедзіміна ўжо нясуць прадстаўнікі другога пакалення, народжанага ў незалежнай краіне.

«Гэта дзень нашае перамогі, незалежнасці. Гэта вельмі важны дзень, бо за 30 гадоў мы дасягнулі таго, за што тады змагаліся. Вядома, гэта вялікае свята для ўсяе Літвы», – пракаментаваў нам мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус.

Поруч з жыхарамі Вільні святкуюць прэзідэнт і міністры ўраду. Настрой…

«Святочны, не зважаючы на ўсе праблемы, на каронавірус», – адзначае міністр аховы здароўя Літоўскае Рэспублікі Аўрэлію Вярыга.

Выклікі для незалежнасці ёсць і цяпер, дадаюць урадоўцы. Але за апошнія трыццаць гадоў Літоўская Рэспубліка паспела зрабіць неабходныя крокі для бяспекі краіны, кажа міністр унутраных справаў Рыта Тамашуніене:

«Сёння мы і ў Еўразвязе, і ў NATO – і мы пачуваемся пад аховай».

«Цяпер як бы пад намі ні закладалі бомбу вось з гэтаю вашай атамнай электрастанцыяй, а гэта бомба і пад Беларуссю, па-першае, а па-другое, і пад намі, бо мы блізка… Але я думаю, што нікога мы не баімся, і мы за рукі возьмемся ды ўсе перашкоды на шляху нашага сапраўднага братэрства зліквідуем!», – аптымістычна падсумоўвае Ніёле Ажаліце.

Сёння Літоўская Рэспубліка – дэмакратычная дзяржава, інтэграваная ў заходні свет. Нашыя суседзі могуць падарожнічаць без візаў у большасць краінаў свету. А сярэдні заробак у краіне складае больш як € 850 на руку.

Ганна Русінава, Вітаўт Сіўчык, «Белсат»