Урад хоча яшчэ мацней кантраляваць прадпрыемствы


Узмацніць ролю дзяржавы ў кіраванні прадпрыемствамі хочуць урадоўцы. З адпаведнай прапановай Савет міністраў звярнуўся да кіраўніка краіны, і ўжо да канца года мае адбыцца адмысловая нарада ў гэтым пытанні. Разам з тым урадоўцы прызнаюць, што дзяржаўныя прадпрыемствы менш эфектыўныя. Дык навошта павялічваць неэфектыўнасць?

«Міністры ды іхныя намеснікі – гэткага ўзроўню чыноўнікі ўзначаляць назіральныя рады або рады дырэктараў. Менавіта праз іх дзяржава намераная кіраваць сваймі прадпрыемствамі».

Пра неабходнасць рэформаў кіравання гаворка вядзецца цягам апошніх дзесяці гадоў. Аднак і магчымае выкарыстанне вышэйшых чыноўнікаў не сведчыць пра рэальныя крокі ў гэтым кірунку.

«Калі сапраўды будуць прынятыя захады, каб матываваць менеджараў у выдачы ім права самастойна прымаць рашэнні, то гэта можа істотна пахіснуць пазіцыі вышэйшага эшалону нашай вертыкалі. Таму ўсе змены будуць мець кропкавы характар», – кажа эканаміст Леанід Фрыдкін.

Узмацненне дзяржаўнага кіравання не азначае аўтаматычнага дзяржаўнага падтрымання ў выглядзе дырэктыўнага крэдытавання і бюджэтнага фінансавання стратных вытворчасцяў. Аднак такіх прыкладаў дастаткова.

«Пінскі дражджавы камбінат: Лукашэнка сам кажа – мінус 112 % рэнтабельнасці. Яны бяруць нашыя грошы ды кладуць на свае праекты. Або «Сукно», «Хімвалакно», «Гомсельмаш» – усе гэтыя прадпрыемствы не рэнтабельныя. Іх увогуле не павінна быць на рынку, бо яны не ўмеюць працаваць з прыбыткам», – канстатуе кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру «Мізеса» Яраслаў Раманчук.

Агулам у краіне – да 80-ці адсоткаў нерэнтабельных вытворчасцяў, якія патрабуюць не толькі эфектыўнага кіравання, а рэструктурызацыі і нават ліквідацыі.

«Чым больш мы будзем цягнуць, тым горшыя і больш балючыя будуць гэтыя рэформы. Бо калі ў 2019 годзе адбудзецца стрэл з нафтапрадуктамі і нафтай у Беларусі, падатковы манеўр Расеі, тады 3–5 % дэфіцыту бюджэту ўжо будзе, і мы за год-два з’ямо ўсе тыя напрацоўкі, якія ёсць», – працягвае Яраслаў Раманчук.

Урад Беларусі прызнае большую эфектыўнасць працы прыватных прадпрыемстваў, аднак у структурызацыі сістэмы кіравання наноў выкарыстоўвае малаэфектыўныя метады, адзначаюць эксперты.

«Калі ўлады не выратуюць дзяржсектару ад разбурэння, то яны страцяць сваю эканамічную і сацыяльную падтрымку. Гэта будзе крахам усяго. Таму цяпер гэтае пытанне і стаіць так востра: улады добра разумеюць неабходнасць такіх рашэнняў, спрабуюць нешта рабіць, таму і танальнасць гэтых нарадаў дастаткова нервозная», – кажа Леанід Фрыдкін.

Найбольш эфектыўнымі сродкамі рэфармавання прадпрыемстваў адмыслоўцы называюць рынак і канкурэнцыю. Але, каб гэтыя метады спрацавалі і дзяржава захавала свае прадпрыемствы, неабходная цярплівая праца ды палітычная воля кіраўніцтва.

Галіна Абакунчык, belsat.eu