Унікальны для Беларусі фестываль. Чавускі раён сабраў гасцей да радзімічаў


Убачыць на ўласныя вочы, як жылі славяне на тэрыторыі сучаснае Беларусі, можна ў аграгарадку Радамля Чавускага раёну. Тут праходзіць этнасвята «У госці да радзімічаў». Адкуль пайшло свята, тлумачыць Любоў Бялькевіч з Радамльскага дому культуры:

«Горад заснаваны Радзімам і ягоным племенем, якое пасля звалася радзімічы, таму на гэтым месцы вырашылі праводзіць штогод свята, і сёлета гэта ўжо 6-ты год».

Аб’ектыў
Рыцары зладзілі сапраўднае пабоішча ў Мсціславе
2019.08.04 22:17

Найбольш відовішчная частка свята – абрадавыя традыцыі радзімічаў: вяселле і пахаванне. Тэатралізацыя закранае і такія элементы старажытнай культуры, як здабыча жывога агню, пакланенне славянскім багам.

«Пахавальны абрад, які ўскрываецца падчас раскопак у курганах радзімічаў, сведчыць, што культура была даволі высокая для свайго ўзроўню. Гэта вельмі багатыя ўборы, вельмі вялікія ўпрыгожанні, асабліва радзіміцкія кольцы, пацеркі, бранзалеты», – кажа археолаг, супрацоўнік Акадэміі навук Лявон Калядзінскі.

Радзімічы жылі на тэрыторыі сучаснай Магілёўскай і Гомельскай вобласцяў у дзявятым – дванаццатым стагоддзях. Яны, як і ўсе ўсходнія славяне, займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбнай лоўляй. Каб паказаць іхны побыт, на гарадзішчы ў Радамлі адпаведна з тагачаснаю традыцыяй рэканструявалі паўзямлянкі.

«У нас рэканструявана 3 зямлянкі, кожная мае сваё значэнне. Зямлянка для ежы, дзе раней гатавалі ежу, пасля ткацтва і ганчарства трэцяя зямлянка», – кажа Любоў Бялькевіч.

Жыхары Бялынічаў – нашчадкі дрыгавічоў – прывезлі на фестываль абрад клікання дажджу: жанчыны збіраліся каля калодзежа і прасілі багоў паслаць на сухую зямлю вадзіцу.

«Адна жанчына бярэ мак – гэта як бы кропелькі дажджу. Адна жанчына набірае мак у рот, ідзе да калодзежа і са словамі: «Як на цябе мак сыплецца, хай так на зямлю дождж абліе, колькі зярнятак маку, столькі і кропель дажджу», – гаворыць адна з удзельніц абраду Аліна Арлёнак.

Аб’ектыў
Экскурсія па вуліцы Кастрычніцкай у Менску з’явілася ў межах фестывалю «Vulica Brazil»
2019.08.08 22:01

Безумоўна, важнай часткаю племянной культуры была народная творчасць. Фалькларыстка і спявачка Наталля Матыліцкая кажа:

«Я ўжо спяваю больш за 30 гадоў, і закладзеная такая вялікая энергетыка, такая сіла, я ўжо не кажу пра зместавы пачатак, бо нездарма фальклор – гэта народная мудрасць».

Фестываляў позняга Сярэднявечча ў Беларусі багата, а вось фэст племянной культуры – пакуль што ўнікальны. І публіка мае цікаўнасць, бо рэдка сутыкаецца з сівою даўніной.

«Гэта старажытная гульня. Мы павінны збіць праціўніка, праціўнік падае і гульня заканчваецца. Вось нашая зброя, у прынцыпе, яна не так ужо моцна б’е, але калі замахнуцца, то слаўна так прыляціць», – дзеліцца ўражаннямі госць свята Яўген Ерзікаў.

Аб’ектыў
У Глыбокім пакланяюцца вішнёвай каралеве
2019.07.27 19:12

У гасцях у радзімічаў задумваешся, што добра было б ладзіць гэткія святы і ў іншых землях: фестываль дрыгавічоў у цэнтральнай Беларусі і фестываль крывічоў – на поўдні краіны. Гэта магло б стаць фактарам, які б ад’яднаў беларусаў сучасных.

Вольга Васільева, «Белсат»