Улады забараняюць удзельнікам выбараў казаць пра палітыку


Па ўсёй краіне ладзяцца пікеты, на якіх ідзе збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Незалежныя прэтэндэнты выкарыстоўваюць гэтую магчымасць перадусім для таго, каб прыцягнуць увагу людзей да палітычных і сацыяльных праблемаў, а таксама збіраюць подпісы за развязанне пытанняў рознага ўзроўню.

«За праблемы ў Заслаўі: гэта якасць вады, гэта палігон, каб яго вынеслі за межы гораду, палігон адкідаў бытавых», – падыходзіць актывіст да мінакоў.

Ігар Лабкоў збірае подпісы, каб вылучыцца кандыдатам у дэпутаты ў Заслаўі. І паралельна агітуе мясцовых падпісвацца пад зваротам да ўладаў, каб развязаць экалагічныя пытанні гораду.

«Я не маю ілюзіяў аб тым, што незалежных кандыдатаў могуць абраць у парламент, у Палату прадстаўнікоў. Я лічу, што мы можам выкарыстоўваць гэту кампанію, каб размаўляць з людзьмі, распавядаць пра Беларускую хрысціянскую дэмакратыю, распавядаць, што ёсць альтэрнатыва», – кажа Ігар Лабкоў.

Актывісты ж з Аб’яднанай грамадзянскай партыі размаўляюць з мінакамі пра небяспеку інтэграцыі з Расеяй.

Відэарэпартаж Насты Кахановіч глядзіце ў поўным выданні навінаў за 22 верасня

«Гэтая паўзучая анексія выклікае ўва ўсіх трывогу, і, напэўна, гэта абернецца нейкімі выступамі, мне так падаецца, такое адчуванне складваецца», кажа Мікалай Казлоў з АГП.

«За адстаўку міністра адукацыі Карпенкі і за падтрымку кандыдата ў дэпутаты. Падыходзьце, стаўце подпісы!», – гучна кажа Віталь Рымашэўскі на пікеце ля вакзала.

Актывісты Беларускай хрысціянскай дэмакратыі патрабуюць зменаў у сістэме адукацыі, абмяркоўваюць з людзьмі прычыны канфліктаў у школах ды шукаюць шляхі развязання гэтых праблемаў.

«За гэты час, што ён на пасадзе міністра, я не лічу, што было зроблена хоць штосьці, каб рэальна нашая адукацыя магла канкураваць. Падручнікі старыя, метадычкі настаўнікі купляюць самі, фармуюць самі», – кажа Вольга Кавалькова, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Надзея Гацак, Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Фота – «Белсат»

«Гэта можа паслужыць нейкім штуршком, таму што часта такія подпісы служаць менавіта такім сігналам для ўладаў, для прэзідэнта, што вось, людзям не падабаецца. Але ж ён не хоча праблем – магчыма, што-небудзь і зменіцца», – Надзея Гацак з БХД.

Улады ўважліва сочаць, каб падчас выбарчых пікетаў выступоўцы не закраналі грамадска-палітычных пытанняў. Гэтак, старшыня выбарчай камісіі адной з акруг абвінаваціў пікетоўцаў у парушэнні заканадаўства.

«Калектыўны зварот, пытанняў тут няма, але вы не маеце права яго тут збіраць. Не на пікеце па збору подпісаў. Не пераўтварайце пікет па збору подпісаў у палітычную плоскасць», – кажа старшыня Чкалаўскай выбарчай камісіі Дзмітрый Страздзін пікетоўцам.

Старшыня выбарчай камісіі паабяцаў выклікаць Надзею Гацак на паседжанне акруговай камісіі, дзе яна, імаверна, атрымае папярэджанне. На гэтым тыдні прынамсі чатыром актывістам вынеслі папярэджанні. Пасля двух папярэджанняў выбарчая камісія можа не зарэгістраваць прэтэндэнта ў якасці кандыдата на дэпутацтва.

Наста Кахановіч, «Белсат»