Ціск на незалежныя прафсаюзы ўзмацняецца. Следчы камітэт выклікае на допыты актывістаў РЭП па ўсёй краіне. Фармальная нагода – крымінальная справа супраць лідара прафсаюза Генадзя Фядыніча і бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка. Але ў прафсаюзе ўпэўненыя – гэта помста за дапамогу грамадзянам у абароне іх правоў.
На мінулым тыдні «Белсат» распавядаў пра выклік у Следчы камітэт гомельскага актывіста РЭП Максіма Ражкова і тое, што цікавіла следчых.
«Я адмовіўся падпісваць падпіску пра неразгалошванне. Яны настойвалі, пагражалі нават, што калі я не падпішу, то мяне могуць пасадзіць», – засведчыў тады Максім.
Справу супраць прафсаюзнага лідара Генадзя Фядыніча і бухгалтара Ігара Комліка распачалі ў жніўні. Іх абвінавацілі ва ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Комлік правёў два месяцы за кратамі ды выйшаў пад падпіску аб нявыездзе. У прафсаюзе справу называюць сфабрыкаванаю і звязваюць з дзейнасцю арганізацыі.
«Толькі ў тым справа, што ў РЭП ёсць структуры ўва ўсіх рэгіёнах. І РЭП адзіная моцная структура, якая на ўсю Беларусь дзейнічае», – упэўнены прававы інспектар арганізацыі Юрый Белякоў.
Прафсаюз актыўна выступаў за адмену дэкрэту № 3. Па дапамогу да прафсаюзу звярнуліся сотні беспрацоўных, якія атрымалі гэтак званыя «лісты шчасця».
«Ёсць ужо дэкрэт № 1, які будзе дзейнічаць з 2019 года. Таму ідзе планавая зачыстка зарэгістраваных структураў, каб яны не маглі, маючы досвед, абараняць людзей. А будуць масавыя скаргі ў 2019-м годзе, таму што беспрацоўных будзе болей», – тлумачыць праваабаронца Алег Волчак.
З апошнімі зачысткамі Алег звязвае і праблемы з доступам да інтэрнэт-старонкі прафсаюзу, якую ўзламалі невядомыя. На меркаванне праваабаронцы, гэта сістэматычная зачыстка інтэрнэт-прасторы.
«Спачатку зачыняюцца адныя сайты, цяпер зачынілі сайт прафсаюзаў. Я думаю, што гэта не апошняе закрыццё. Зараз прыйшла інфармацыя, што нават акаўнты актывістаў у рэгіёнах зачыняюць у фэйсбуку», – даводзіць праваабаронца.
Незалежны прафсаюз не збіраецца здавацца і ўжо скіраваў заяву ў Генеральную пракуратуру пра грубае ўмяшанне ў свае справы з боку Следчага камітэту. Яшчэ адзін спадзеў РЭП ускладае на замежную рэакцыю. Адпаведны зварот прафсаюз скіраваў у Міжнародную арганізацыю працы ды іншыя аб’яднанні.
Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum