Улады Гомельшчыны рэкамендуюць: болей беларускай мовы ў школах і дзіцячых садках


Русіфікавалі з 90-ых гадоў і раптам узгадалі пра родную мову. Упраўленне адукацыі Гомельскай вобласці накіравала падначаленым рэкамендацыю пашырыць выкарыстанне беларускай мовы ў школах і дзіцячых садках. Што гэта за рэкамендацыі і да чаго яны могуць весці, высвятляў Зміцер Міцкевіч.

Галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкаму рэкамендуе: болей беларускае мовы ў школах і садках рэгіёну. У адмысловым дакуменце заўважаецца малая колькасць беларускамоўных садкоў, нізкі ўзровень валодання моваю настаўнікамі, нястача беларускамоўных падручнікаў ды іншае.

«Гэтае рашэнне было выкліканае тым узрушэннем у грамадстве, якое ідзе ўжо не першы год. Ідзе паварот да беларушчыны, і даходзіць да таго, што бацькі вымушаныя, каб абараніць свае правы, звяртацца ў суд. Усё гэта надае вялікі грамадскі розгалас, і, безумоўна, гэта не карысць уладзе. Таму, я думаю, пачынаецца такая праца», – гаворыць Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы.

Чыноўнікі налічылі ў Беларусі больш за дзве тысячы восемсот установаў агульнай сярэдняй адукацыі, з іх у амаль у палове навучанне вядзецца па-беларуску. Здавалася б, не гэтак і блага, але ж лічба школьнікаў, якія навучаюцца на беларускай мове, складае ўсяго каля 13-ці адсоткаў ад агульнай. Гомельшчына не выключэнне.

Цяпер толькі дзеці ў асобных нешматлікіх класах і школах навучаюцца па-беларуску. Я вось, напрыклад, усеагульнага беларускамоўнага навучання ўжо не заспеў – давялося вучыцца па-расейску. Аднак цяпер, пасля больш як дваццаці гадоў абыякавага і часам нават негатыўнага стаўлення да нацыянальнай мовы, улады ўрэшце заварушыліся. Добра, каб гэта было сапраўднае памкненне да папулярызацыі мовы, а не проста паперы.

Дый там – толькі рэкамендацыі мясцовым чыноўнікам спрыяць стварэнню беларускамоўных групаў у дзіцячых садках і працягваць навучэнне дзяцей у беларускамоўных класах ды школах. Таксама зноў жа рэкамендуецца ўрэшце забяспечыць школы і садкі беларускамоўнымі падручнікамі.

«Я самая з Украіны, у мяне муж – беларус. І я беларускую мову не ведаю, але імкнуся да яе вывучэння. Таму я наадварот толькі за, каб мае дзеці ведалі беларускую мову, бо яны беларусы».

«Беларускую мову вучыць трэба, бо я, напрыклад, яе амаль не ведаю. А гэта нашая родная мова ўсё-такі».

«Гэта нашая мова, трэба, трэба абавязкова вывучаць».

«Мы беларусы, нашая родная мова – беларуская».

«Абавязкова трэба і настаўнікам, і дзецям вучыць беларускую мову. Як вы нарадзіліся ў Беларусі, дык вы павінныя вучыць беларускую мову», – кажуць жыхары Гомля.

Такое адзінадушнае меркаванне апошнім часам падтрымліваецца на найвышэйшым афіцыйным узроўні. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Мы ганарымся сваёй гісторыяй і зямлёю – радзімаю вялікіх людзей, нашых з вамі суайчыннікаў. Ведаем свае карані, ушаноўваем традыцыі».

Але разам з гэтым…

«Беларус – гэта расеец са знакам якасці. Я гэта яшчэ 20 гадоў таму сказаў!»

Ну і як тут вызначышся? Непаслядоўнасць важных палітыкаў адбіваецца на паводзінах чыноўнікаў ніжэйшых узроўняў. Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы:

«Ва ўлады ўчорашняй быў такі вось досвед, што сёння загадваюць адно, а заўтра прама процілеглае. І, шчыра кажучы, адзін крок уперад, два – назад. Таму, напэўна, гэта ў генах сядзіць ва ўладзе, што трэба перачакаць, а магчыма, нам заўтра давядзецца вяртацца да таго, што было ўчора?»

У той жа момант кіраўнік краіны неаднаразова адзначаў, што цяпер загады вышэйшай улады часта папросту сабатуюцца на месцах. Адпаведна, успрымаць новыя моўныя ініцыятывы ўлады варта хоць і з аптымізмам, але стрыманым.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu