Уладальнік рэстарацыі «Паедзем, паядзім» патрабуе 8000 рублёў за маральныя пакуты


Судовы працэс супраць газеты «Новы час» распачаўся ў Савецкім судзе Менску. З пазовам да незалежнага выдання звярнуўся ўладальнік рэстарацыі «Паедзем, паядзім» Леанід Зайдес. Гаспадар скандальна вядомай установы патрабуе спагнаць з рэдакцыі газеты і журналіста Дзяніса Івашына восем тысяч беларускіх рублёў. У гэткую суму бізнесовец ацаніў свае маральныя пакуты з прычыны публікацыі расследавання пра будаўніцтва рэстарацыі каля Курапатаў.

Падтрымаць «Новы час» і аўтара артыкулаў Дзяніса Івашына прыйшлі два дзясяткі чалавек. Пазоўніка ж – Леаніда Зайдэса – рэпрэзентавала адвакатка.

«Я магу сказаць як прадстаўніца пазоўніка пра абгрунтаванасць занятай намі пазіцыі», – кажа адвакатка пазоўніка Яўгенія Патапава.

Судовы разбор датычыць двух артыкулаў, надрукаваных сёлета ў чэрвені ды ліпені. Пазоўнік заяўляе, што прыведзеныя ў публікацыях звесткі – перадусім пра незаконнае будаўніцтва рэстарану «Паедзем паядзім» – зневажаюць ягоную дзелавую рэпутацыю.

«Я лічу, што ён непасрэдна сваймі наўпроставымі дзеяннямі – праз першапачатковае размяшчэнне рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу «Бульбаш-холл» у зоне аховы культурнай каштоўнасці Курапаты – менавіта і сапсаваў сваю дзелавую рэпутацыю», – кажа журналіст «Новага часу» Дзяніс Івашын.

Леанід Зайдэс патрабуе спагнаць з Дзяніса Івашына 3 тысячы, а з рэдакцыі выдання – 5 тысячаў беларускіх рублёў. З аналагічным пазовам да «Новага часу» і Дзяніса Івашына звяртаўся яшчэ адзін уладальнік рэстараннага бізнесу – Леанід Ізраілевіч, які пры гэтым зняпраўджвае сваё дачыненне да «Паедзем, паядзім». Ізраілевіч суд прайграў.

«Відаць, камусьці вельмі муляе вока тое, што нарэшце недзяржаўнае выданне выйграла нейкі суд. І трэба зрабіць так, каб было інакш», – мяркуе галоўны рэдактар «Новага часу» Аксана Колб.

На заканчэнне першага дня слуханняў суд пастанавіў, каб журналіст і рэдакцыя газеты падалі дадатковыя факты, якія б пацвярджалі праўдзівасць прыведзеных у публікацыі звестак. «Новы час» спадзяецца выйграць суд і гэтым разам.

«Мы лічым, і гэта нашая асноўная пазіцыя, што ўсё адпавядае рэчаіснасці. Тым больш, што большасць фактаў была ўстаноўленая рашэннем суда паводле пазову Аркадзія Ізраілевіча, які ўжо набыў юрыдычную сілу, таму, я думаю, будзе цікава», – кажа адвакат «Новага часу» Марыя Колесава-Гудзіліна.

Наступнае паседжанне паводле пазову ўладальніка «Паедзем, паядзім» Леаніда Зайдэса да незалежнай газеты «Новы час» адбудзецца 27 снежня.

Галіна Абакунчык, belsat.eu