Украіна адмаўляецца ад цырку з удзелам жывёлаў


Міністэрства культуры, моладзі і спорту не будзе купляць новых звяроў для дрэсуравання і бярэ курс на іх вывад з цыркавога жыцця. Як мае выглядаць этычны цырк? Ды што будзе з жывёлінамі, якія застануцца па-за цыркавымі відовішчамі?

Гэта Хрысця, мядзведзіца, якую зоаактывісты вызвалілі з забароненага цырку ў Львоўская вобласці. Большасць жыцця яна правяла ў клетцы, але цяпер абжываецца ва ўнікальным прытулку «Домажир».

Ігар Ніколін, дырэктар прытулку «Домажир»:

«Сёння ў нашым прытулку жыве 12 мядзведзяў, і агульная плошча вальераў – каля 10 гектараў. Прытулак з’яўляецца часткай міжнароднага фонду «4 лапы», які часткова пакрывае выдаткі на развіццё і ўтрыманне прытулку.

У перспектыве прытулак, які месціцца ў Львоўскай вобласці, можна пашырыць і на 30 мядзведзяў, аднак на гэта неабходныя сродкі. Харчаванне аднаго пухнатага на месяц каштуе ад 2 да 4 сотняў долараў. Ва Украіне дзее яшчэ некалькі падобных установаў, аднак калі забарона на эксплуатацыю жывёлінаў у цырку атрымае зялёнае святло, гэткіх месцаў спатрэбіцца больш.

Інна Падаляк, намесніца міністра культуры, моладзі і спорту (крыніца: Facebook):

«Прысутнічала на сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаўных цыркаў, павінныя былі абмеркаваць алгарытм пераходу на «цырк без жывёлінаў». Галоўнае пытанне: што рабіць з жывёлінамі? Без будаўніцтва новага сучаснага прытулку будзе складана, але, магчыма, будуць іншыя прапановы, бо адказнасць за тых, каго мы прыручаем, нікуды не знікае».

За адмову ад эксплуатацыі жывёлаў ва ўкраінскіх цырках мясцовыя актывісты змагаюцца ўжо каля 4 гадоў. Аксана Джус, зоаабаронца:

«Пытанне не толькі ў неналежных умовах утрымання жывёлінаў у цырках. Пытанне ў тым, што жывёліны робяць тое, што для іх ненатуральна. Ва Украіне няма рэкрэацыйных цэнтраў, іх няма, бо цыркі з жывёлінамі не былі забароненыя і не было такой неабходнасці. Напрыклад, Італія, калі прымала такую забарону, рабіла пераходны перыяд на 12 гадоў».

Раней планавалася, што дзяржаўныя цыркі павінныя адмовіцца выкарыстоўваць жывёлінаў да 2030 года, аднак цяпер міністэрства хоча яшчэ больш скараціць тэрмін пераходу. Раман Здрэнік, камерцыйны дырэктар Львоўскага цырку:

«Цыркавое мастацтва з жывёлінамі, дрэсура – старая гістарычная традыцыя. Нікога не цікавіць меркаванне мільёнаў людзей, якія любяць цырк і наведваюць яго. Маё меркаванне, што першы этап – цырк без жывёлінаў, другі этап – цырк без гледача і грошай, і трэці – Украіна без цырку».

Пакуль канчатковай канцэпцыі пераходу на цыркі без жывёлінаў Міністэрства не падало, аднак мэр Львова ўжо абвесціў план стварэння новага рэабілітацыйнага цэнтру на тэрыторыі гораду.

Валерыя Печенік, Кірыл Смяглікаў belsat.eu