Удзельнікі Маршу Нямцова: Нам сорамна сядзець на канапе


15 гарадоў у Расеі, 10 у замежжы, але найбуйнейшая акцыя памяці Барыса Нямцова прайшла ў Маскве. Нягледзячы на тое, што марш у расейскай сталіцы быў узгоднены з уладамі, паліцыя ўсё роўна чыніла перашкоды для ўдзельнікаў.

Пяты марш памяці Барыса Нямцова сабраў у Маскве значна больш людзей, чымся летась. Паводле падлікаў незалежнай арганізацыі «Белый счетчик», у маскоўскай акцыі ўзялі ўдзел амаль 11 000 чалавек супраць 7500 летась. У адрозненне ад першых акцыяў памяці, сённяшняя маніфестацыя носіць ярка выражаны палітычны характар. Удзельнікі звязваюць гэта з тым, што іншых магчымасцяў выказаць сваю нязгоду ў Расеі сёння няма:

«Кола свабоды ў Расеі сціскаецца, не застаецца ніякае прасторы, ніякага паветра. Слова «дэмакратыя» даўно забытае і пахаванае».

«Я тут, бо тое, што адбываецца ў краіне, – гэта жах. Я не ведаю, што рабіць. Я не магу ні на што паўплываць, выбараў у краіне няма. Прыйшла, бо мне сорамна сядзець у хаце на канапе», – кажа іншая ўдзельніца маршу.

Паводле палітыка Генадзя Гудкова, маскоўскія ўлады санкцыянавалі акцыю толькі пасля трох дзён цяжкіх перамоваў і толькі на 10 000 асобаў. Калі незалежныя назіральнікі налічылі, што праз ахоўныя брамкі на мітынг сабраліся больш за 10 000 удзельнікаў, паліцыя без абвяшчэння прычыны закрыла праход і больш нікога туды не пускала. Хоць сталічны МУС паведаміў пазней, што на акцыі было ўсяго 6 000 асобаў.

«Пытанне не ў колькасці. Мы памятаем, што ў 1968 годзе з пратэстам супраць уводу войскаў у Чэхаславаччыну на Чырвоную плошчу выйшлі ўсяго 7 асобаў, але яны выратавалі гонар усёй астатняй краіны, гонар усяго грамадства», – кажа палітык Уладзімір Кара-Мурза.

У хаду акцыі ў Маскве паліцыя не ўмешвалася. Адзінае затрыманне адбылося яшчэ да пачатку шэсця.

У Санкт-Пецярбурзе мясцовыя ўлады доўга не давалі дазволу на правядзенне мітынгу. Нягледзячы на гэта на акцыю ўсё роўна выйшлі каля 800 асобаў.

Барыс Нямцоў быў забіты 27 лютага 2015 года ў самым цэнтры Масквы, за некалькі соцень метраў ад Крамля. У 2017 годзе суд прызнаў вінаватымі ў ягоным забойстве 5 асобаў, усе яны атрымалі ад 11 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Арганізатараў і замоўцаў гэтага злачынства дагэтуль не знайшлі.

Ігар Кулей/«Белсат»