Удзельнікі фестывалю ў Ракаве дзеляцца сакрэтамі актыўнага доўгалецця


Міжнародны фэст «Энергія ўзросту» распачаўся пад Ракавам у партнёрстве з менскім Універсітэтам трэцяга ўзросту і Цэнтрам актыўнага даўгалецця.

Вучоба, танцы, падарожжы – жыццё сучаснага пенсіянера не абмяжоўваецца толькі ўнукамі і хатнімі клопатамі ды наведваннем паліклінік. Каля 300 удзельнікаў з чатырох краінаў сустрэліся ў Ракаве, каб даказаць, што ў любым узросце можна яскрава і актыўна жыць, вучыцца, знаходзіць новыя знаёмствы, займацца спортам і нават мяняць прафесію.

«Мы хочам паказаць, што і ў пенсійным узросце можна займацца, працаваць і неяк актыўна быць карыснымі грамадству», – кажа арганізатарка фэсту Алена Сухіна.

У праграме фэсту – йога, зумба, спартовае арыентаванне або майстар-класы па мастацтву рукадзелля ад найлепшых майстроў Беларусі.

Глядзіце рэпартаж Алены Шчарбінскай у поўным выданні навінаў за 6 верасня

Тут, між іншага, можна наведаць адукацыйныя заняткі і даведацца, як пенсіянеры могуць зарабляць у інтэрнэце, заняцца валанцерствам або вывучыць замежную мову.

«Мяняюцца сацыяльныя стэрэатыпы – нават новую прафесію можна атрымаць у пенсійным узросце і стаць маладымі бацькамі таксама можна», – кажа Кірыл Прашчаеў з Грамадскага геранталагічнага аб’яднання.

Удзельнікі фэсту на пытанне пра сакрэт актыўнага даўгалецця адказваюць, што займаюцца ўлюбёнай справай ды не сядзяць каля пад’езду, а актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці.

Ідэя арганізаваць такі фестываль у Беларусі новая, але як аказалася, запатрабаваная. У суботу і нядзелю фестываль працягнецца. А тыя, хто не паспее паўдзельнічаць у ім, змогуць зрабіць гэта праз год.

Алена Шчарбінская/«Белсат», фота анонсу – SunLife/Mercury Press/Caters News/Forum