У Казахстане прайшлі мітынгі апазіцыі – іх усе разагналі


Казахстанскія паліцыянты затрымліваюць удзельніцу апазіцыйнай акцыі ў Алматы. 22 лютага 2020 года. Фота – Павел Міхееў / Reuters / Forum

У розных гарадах Казахстану паліцыянты затрымалі больш за сотню асобаў. Там прайшлі акцыі пратэсту супраць дзейнай улады – нягледзячы на масавыя затрыманні дзеячаў апазіцыі напярэдадні.

Сёння ў Алматы мусіў адбыцца з’езд прыхільнікаў апазіцыі, на якім казахскія палітыкі планавалі абвесціць аб стварэнні новай партыі. Але паліцыя і пракуратура арыштавалі арганізатараў, і цяпер некаторым з іх пагражае крымінальная адказнасць за недазволены сход. Таму адбыліся мітынгі пратэсту.

«Усіх нашых прыхільнікаў затрымліваюць, пачынаючы ад Жанбалата Мамая. Яны пад арыштам. Мы патрабуем іх вызваліць!» – прамаўляў у гукавую апаратуру адзін з прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі Казахстану.

Жанбалат Мамай – кіраўнік ініцыятыўнай групы для стварэння Дэмакратычнай партыі, яго арыштавалі на тры дні за заклікі да несанкцыянаванага мітынгу. На першым з сённяшніх мітынгаў у Алматы была ягоная жонка.

Інга Іманбай заявіла, што калі з Мамаем нешта здарыцца, уся адказнасць будзе на дзейным прэзідэнце Касым-Жамарце Такаеве і нязменным лідары Казахстану Нурсултане Назарбаеве.

«Хтосьці пытаў нас, ці хочам мы, каб Астану перайменавалі ў Нур-Султан? Цяпер кожны, хто прылятае ў сталіцу Казахстану, трапляе ў аэрапорт імя Нурсултана, у горадзе імя Нурсултана і едзе па вуліцах імя Нурсултана. Гэта ганьба! Мы становімся падобныя на Паўночную Карэю і Туркменістан!» – звярнулася да людзей Інга Іманбай.

Вакол Старой плошчы, дзе праходзіў мітынг Дэмакратычнай партыі, зачынілі крамы і кавярні, таксама быў адключаны мабільны інтэрнэт.

«Я вам паведамляю, што гэтая акцыя незаконная. У вас няма на яе дазволу. Я намеснік пракурора Алматы, я вам тлумачу законы», – звярнуўся да пратэстоўцаў чалавек у мундуры.

«Ды ты сам не ведаеш законаў! Дзе артыкул Канстытуцыі нумар 32 пра свабоду мірных сходаў грамадзян?» – пачуў ён у адказ.

Паліцыя не дазволіла актывістам прайсці маршам. Людзей па чарзе затрымлівалі. Затрымалі і жонку Жанбалата Мамая.

Таксама ў Алматы разагналі пазнейшы мітынг, арганізаваны рухам «Дэмакратычны выбар Казахстану», які з-за мяжы ўзначальвае былы банкір Мухтар Аблязаў. У гэтым выпадку паліцыянты не далі ўдзельнікам нават сказаць некалькі словаў: улады называюць ДВК экстрэмісцкай арганізацыяй.

Агулам у Алматы, Нур-Султане ды шэрагу іншых казахскіх гарадоў сёння затрымалі больш за сотню пратэстоўцаў.

Рэпартаж Яраслава Сцешыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 22 лютага