У Гомлі знішчаюць сад. Як пасля гэтага верыць уладам, пытаюць гомельцы


Без дакументаў, без абвестак і без тлумачэнняў. Яблыневы сад у Гомлі, пра які мы распавядалі толькі ўчора, сёння раніцаю пачалі знішчаць. На ўсе пытанні жыхароў адказ у выканаўцаў адзін: звяртайцеся ў адміністрацыю.

Змаганне за сад у раёне «Гомсельмашу» пачалося яшчэ летась. І тры месяцы таму, і ўчора, і сёння – жыхары гомельскага Сельмашу стаяць на адным: сад у гэтым месцы патрэбны больш як кавярня фаст-фуду, пад якую прадаў зямлю гарвыканкам. У снежні прайшлі грамадскія абмеркаванні праекту, пасля якіх абаронцы саду даслалі шэраг лістоў у дзяржаўныя структуры з пытаннем, чаму зялёную зону, пазначаную ў генплане гораду, скарэктавалі.

«24 снежня мы напісалі тры лісты ў аблвыканкам, 192 подпісы. Пасля напісалі ў Камітэт дзяржкантролю пры прэзідэнту па Гомельскай вобласці – 221 подпіс, і ў экалагічную службу таксама. Нас не пачулі, мы глядзім, што ў «Гомельскіх ведамасцях» напісалі, што ў абмеркаванні ўзялі ўдзел толькі 15 чалавек. Нашыя 221 чалавек: дзе яны прапалі?» – распавялі нам учора ў рубрыцы «Народны мікрафон» гамельчукі.

Актывісты адзначаюць, што ўчора ў справе саду былі на сустрэчы ў адміністрацыі Чыгуначнага раёну, дзе ім паабяцалі, што найбліжэйшыя два тыдні праект будуць дапрацоўваць.

«Мы сёння прыходзім і бачым, што больш за 30 дрэваў выкапаныя, нічога няма. Гэта што, нармальна? Як пасля гэтага жыць у гэтым горадзе, як пасля гэтага верыць уладам? Як, калі ўлады кажуць адно і тут жа ўначы ціха робяць інакш? Улады, якія маюць абараняць народ, падтрымліваць, яны нас нахабна падманваюць», – тлумачыць жыхарка раёну, спадарыня Ганна.

Грамадскі актывіст Валер Сляпухін узнікненне праблемы тлумачыць тым, што ў генеральным плане гораду не зацвердзілі схемы зялёных тэрыторыяў:

«Яркі прыклад таго, як не да канца падрыхтаваныя дакументы прыводзяць да канфлікту інтарэсаў у дзвюх катэгорыяў грамадзянаў і ўлады з трэцяга боку. І гэтыя канфлікты будуць пастаяннымі, бо ў нас няма першачарговасці дакументаў і няма правільнага падыходу да горадабудавання ў цэлым».

А галоўнае – няма дыялогу паміж жыхарамі гораду і мясцовымі ўладамі. Спадарыня Ганна так і не дазванілася ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну, каб высветліць, чаму дрэвы пачалі выкарчоўваць. Цягам дня з тым жа пытаннем не здолелі дазваніцца і мы – у аддзел жыллёвай гаспадаркі. Высякаюць гэты яблыневы сад не ўпершыню: раней кавалак вылучылі, каб пабудаваць краму.

«Атакавалі нас крамамі, у нас грошай столькі няма хадзіць у крамы. Цяпер гэта даўгабуд, тыя, што ўклалі грошы, – банкруты, і ў нас пяць гадоў стаіць гэтая канструкцыя. Цяпер і гэты кавалачак хочуць забраць», распавядае жыхарка раёну, спадарыня Ірына.

Мы працягваем сачыць за сітуацыяй з садам, найстарэйшыя дрэвы ў якім маюць больш за 70 гадоў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»